Беларусь прадоўжыць работу па спрашчэнні ўезду іншаземцаў у краіну

11 января 2018

Сёння на нарадзе па лібералізацыі бязвізавага рэжыму абмяркоўвалі варыянты прыцягнення турыстаў. Гэтая сфера ў Беларусі развіваецца дынамічна. Імпульс надалі і ініцыятывы, якія спрасцілі ўезд для грамадзян 80-ці краін. Дарэчы, летась гэтай магчымасцю скарысталіся амаль 80 тысяч чалавек. Відавочна, што такая адкрытасць ужо прыносіць дывідэнды. Зрэшты, прыярытэтнымі застаюцца пытанні бяспекі. Важны аспект - і меркаванне партнёраў па Саюзнай дзяржаве. Нагадаем, у адказ на 5-дзённы бязвіз расійскія пагранічнікі арганізавалі праверку дакументаў на беларуска-расійскай мяжы. Выхад са становішча, прычым для абедзвюх краін - узаемнае прызнанне віз. Пытанне яшчэ восенню ўзнімалася на ўзроўні міністраў замежных спраў. Канчаткова ж зняць рознагалоссі плануюць сёлета. І ўсё ж, як у такіх умовах вытрымаць канкурэнцыю на глабальным рынку міжнароднага турызму? Чым прыцягнуць інвестараў, спартыўных балельшчыкаў і звычайных гасцей?

Андрэй Крывашэеў разбіраўся ў памежных пытаннях. Без малога гадавы юбілей беларускага бязвіза для грамадзян 8-мі дзясяткаў краін. Перамены асабліва прыкметныя ў Нацыянальным аэрапорце. Авіягавань - першае і пакуль адзінае акно ў Беларусь тэрмінам на 5 дзён без візавай мітусні. Тры тыдні назад тут сустрэлі рэкорднага, 4-мільённага пасажыра. Усяго ж толькі за год паток турыстаў вырас на 20 %. Прыйшлося адкрываць дадатковыя маршруты і ставіць рэйсы, напрыклад, на Парыж і Варшаву ў штодзённы графік. Аэрапорт, авія- і турыстычныя кампаніі, дзяржава ў цэлым атрымалі ад прэзідэнцкага рашэння сур'ёзны бонус. І ўжо сёння выступаюць за падаўжэнне 5-дзёнкі хоць бы ўдвая.

Больш за іншых беларуская адкрытасць у візавым пытанні зацікавіла суседзяў. На першых месцах - Польшча, Літва і Латвія. Але тут жа, у топе - 13 тысяч турыстаў з Германіі, а яшчэ Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя і Нідэрланды. Перш турыстаў і людзей справы з гэтых краін у Беларусі лічылі адзінкамі, у лепшым выпадку дзясяткамі. Сёння - гэта ўжо паўнаважкія турыстычныя маршруты. У спецыялістаў няма сумненняў: трэнд, закладзены ў 2017-м, будзе толькі нарастаць.

Дырэктар гродзенскай турфірмы яшчэ два гады назад пралічыла "малую турыстычную рэвалюцыю". Егіпет і Турцыя нікуды не дзенуцца, але стаўка на ўнутраны турызм, хоць і рызыка, затое з каласальным патэнцыялам. За год стаўка сябе апраўдала цалкам. Кожны пяты госць Гродна і Аўгустоўскага канала - гэта кліент Веры і яе супрацоўнікаў.

Далей - больш. Ужо праз тыдзень дырэктар адправіцца па еўрапейскіх турыстычных выставах рэкламіраваць гродзенскі бязвіз.

Падвесці вынікі першага года бязвізавага рэжыму і азначыць мэты на будучыню. З такім парадкам дня сёння Прэзідэнт сабраў на нараду ўсіх, хто цікавіцца гэтым пытаннем, - ад МЗС і Мінспорта да Савета Бяспекі і Пагранкамітэта.

Бо з аднаго боку бязвізавы ўезд - гэта прыбыткі, а з другога - жорсткія рашэнні па бяспецы, у тым ліку гасцей. З аднаго боку, мы канкурыруем за турыстаў, з другога, навучаныя горкім вопытам Еўрасаюза, Штатаў і Расіі. Калі ў заканадаўчыя расколіны хвалямі заходзіць масавая незаконная міграцыя і экстрэмізм з тэрорам.

Як адзначае лідар, за апошнія тры гады прынятыя акуратныя і ўзважаныя рашэнні прынеслі свой плён. Турыстычная галіна падужэла. Мінск, Аўгустоўскі канал, Белавежская пушча, брэсцкае і гродзенскае прымежжа - атрымалі сур'ёзны драйвер для росту. Негатыву ў сферы бяспекі, нават з украінскім фактарам па суседстве пазбегнуць атрымалася.

У цэлым падтрымана Прэзідэнтам і лінія на далейшую лібералізацыю візавай палітыкі. Міністр замежных спраў удакладняе: пагадненні з Еўрасаюзам, Кітаем і Расійскай Федэрацыяй у высокай ступені гатоўнасці.

Пытанне адкрытасці ў сучасным свеце непарыўна ўвязаны з пытаннем бяспекі - унутранай і суседзяў. І ў гэтай пары Беларусь як адказны партнёр нязменна ставіць на бяспеку. Па любой статыстыцы, ці то лічбы Еўрасаюза, міжнародныя або расійскія, менавіта наша краіна адказна кантралюе міграцыю, абараняе межы і перарывае любы злачынны трафік і каналы тэрарыстычнай лагістыкі.

Мяркуйце самі, за тры гады міграцыйнага калапсу ў Еўропе так і не з'явіўся "беларускі канал для нелегалаў" і нават з адкрытай мяжой з Расіяй аб'ектыўных даных у нашых саюзнікаў супраць беларускага бязвіза няма. Зламыснікі ўсіх масцей аддаюць перавагу абыходзіць Беларусь бокам. І менавіта гэта дае дзяржаве права і магчымасць абмяркоўваць новыя паслабленні ў візавым пытанні, не паступаючыся прыярытэтам бяспекі для сябе і суседзяў.

З такіх пазіцый Прэзідэнт ацэньвае візавыя навацыі, не замоўчваючы пры гэтым праблем. Галоўная - вострая рэакцыя Расіі і, па сутнасці, адраджэнне мяжы, якой, згодна з Саюзным дагаворам, няма і быць не можа. У народнай гаворцы і прэсе расійскія праверкі пашпартоў, машын і грузаў ужо ахрысцілі "самай дзіўнай мяжой у Еўропе", а турыстам з Расіі нават прыйшлося выстаяць кіламетровыя пробкі, каб трапіць дадому пасля беларускіх навагодніх канікул. Ніякай логікі ў прыпсаваных адпусках нашых гасцей Мінск не бачыць.

Удакладняем у міністра, чым выклікана вострая рэакцыя Расіі, і ці ёсць у саюзніка падставы для прэтэнзій?

Паездка ў студзені - першы для Арвідаса бязвізавы візіт у Беларусь. Наведванне Гродна, няхай і аднадзённае, стала вельмі насычаным. Два замкі, некалькі касцёлаў, яўрэйская сінагога і бонусам - цеснае знаёмства з беларускай кухняй і фальклорам.

Такія паездкі суседзяў усяго за год сталі для абласнога цэнтра справай звыклай. Кожныя выхадныя паркоўкі ў цэнтры Гродна занятыя турыстычнымі аўтобусамі на літоўскіх і польскіх нумарах. І гэта толькі першыя ластаўкі. Сёння Беларусь прапрацоўвае пашырэнне тэрміну дзеяння бязвіза - гучаць і 10 дзён, і нават месяц - як аддаленая перспектыва.

Плюс - асаблівы падыход да спартсменаў і балельшчыкаў. Да будучых Еўрагульняў у Беларусі абяцаюць адрадзіць прынцыпы мінскага хакейнага чэмпіянату ў 14-м. Калі білет на спартыўную арэну прыраўноўваўся да візы.

Паспешных крокаў у гэтай адчувальнай для нас і суседзяў сферы не будзе, але далейшы рух да адкрытасці і бяспекі афіцыйны Мінск гарантуе.