Беларусь прадоўжыць палітыку наладжвання цесных адносін з Ватыканам

5 декабря 2015

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Апостальскім нунцыем у Беларусі Клаўдыа Гуджэроці. Архіепіскап завяршае дыпмісію ў нашай краіне. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Клаудыа Гуджэроці за шчырую пазіцыю ў дачыненні да нашай краіны. Як адзначыў Прэзідэнт, у перыяд работы Клаўдыа Гуджэроці ў Беларусі зроблена нямала. Прызначаны новыя епіскапы, пачалося ўзвядзенне будынка апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Пасланец святога прастола ўдзельнічаў у дзяржаўных святах, вырашаў палітычныя пытанні. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі будуць і надалей падтрымліваць тыя рэлігіі, якія служаць спакою і стабільнасці ў краіне.

У сваю чаргу Клаўдыа Гуджэроці заявіў, што Каталіцкі касцёл, Папа Рымскі Францыск вельмі паважаюць беларускі народ. Апостальскі нунцый шчыра падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за добрыя словы ў свой адрас і за магчымасць сустрэчы. Новая місія Клаўдыа Гуджэроці - служэнне ў якасці Апостальскага нунцыя ва Украіне. У нашай краіне іерарх прабудзе да сярэдзіны снежня. 12-га чысла з яго ўдзелам у Архікафедральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая імша.