Беларусь працягне падтрымку дзейнасці Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа

8 ноября 2017

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа адкрые сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. Усебаковае супрацоўніцтва Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў на сустрэчы з кіраўніком гэтай гуманітарнай арганізацыі.

Гэта першы рабочы візіт Петэра Маўрэра ў Беларусь. За апошнія гады колькасць ваенных канфліктаў у свеце няўхільна расце, а з імі пашыраецца і геаграфія дзеянняў Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.

16 800 супрацоўнікаў арганізацыі ў больш як 80 краінах дапамагаюць людзям, пацярпелым у выніку ўзброеных канфліктаў і насілля. У гуманітарнай арганізацыі вялікая сетка рэгіянальных прадстаўніцтваў па ўсім свеце.

У 92-м годзе ў Маскве адкрылася прадстаўніцтва для Расіі, Беларусі і Малдовы, праз якое наша краіна і здзяйсняе супрацоўніцтва з Міжнародным камітэтам. За апошнія некалькі гадоў Беларусь адправіла гуманітарную дапамогу ў Сірыю, Ірак, Непал і Украіну. Прынцыпы Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа і Беларусі шмат у чым супадаюць. З'яўляючыся донарам бяспекі ў рэгіёне, наша краіна выступае за мірнае ўрэгуляванне любых канфліктаў і глабальны дыялог. Як заявіў сёння Прэзідэнт, афіцыйны Мінск і надалей будзе падтрымліваць Міжнародны камітэт і аказваць усялякую дапамогу краінам, якія патрапілі ў бяду.

Петэр Маўрэр правядзе сустрэчы ў МЗС, дзе пройдзе цырымонія падпісання пагаднення паміж Беларуссю і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа аб статусе, прывілеях і імунітэтах гуманітарнай арганізацыі ў рэспубліцы. Гэты дакумент дазволіць адкрыць ёй сваё прадстаўніцтва ў Мінску. Акрамя таго, Петэр Маўрэр прыме ўдзел у адкрыцці шостага рэгіянальнага семінара Чырвонага Крыжа па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права.