Беларусь прапаноўвае Тамбоўскай вобласці Расіі дапамогу ў мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі

4 августа 2014
Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі Тамбоўскай вобласці Алегам Беціным. Беларускі лідар адзначыў перспектывы супрацоўніцтва ў сферы АПК - гэта селекцыя, абмен перадавымі тэхналогіямі, пастаўка сельскагаспадарчай тэхнікі. За апошнія 5 гадоў тавараабарот Беларусі з Тамбоўскай вобласцю вырас больш чым удвая. Летась ён перавысіў 44 мільёны долараў. Аснову нашага экспарту склалі нафтапрадукты, пастаўкі сельскагаспадарчых машын і харчавання.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: Агульную цікавасць выклікаюць абмен перадавымі тэхналогіямі, развіццё ўзаемадзеяння паміж навукоўцамі і аграрыямі. Я прапаноўваю нашым навукоўцам і навуковым установам сумесна папрацаваць у галіне селекцыі і генетыкі, абароны раслін, стварэння высокапрадукцыйных гатункаў сельгаскультур і парод жывёлін, а таксама рэсурсазберагальных тэхналогій.
Мы гатовы прыняць удзел у мадэрнізацыі вашых жывёлагадоўчых комплексаў. Калі трэба, у будаўніцтве аграгарадкоў. Мы гатовыя абсталяваць вашу сельскую гаспадарку самай перадавой сельгастэхнікай, якая вам спадабаецца, гатовыя супрацоўнічаць у сферы пастаўкі аўтобусаў і тралейбусаў.
Беларусь гатовая забяспечыць патрэбнасці гэтага расійскага рэгіёна ў грузавой, кар'ернай, дарожна-будаўнічай, спецыяльнай і камунальнай тэхніцы. Нашы ліфтабудаўнікі зацікаўлены супрацоўнічаць з Тамбоўскай вобласцю. Вы павінны быць упэўненыя, што калі нашы дамоўленасці адбудуцца, мы будзем вельмі надзейным партнёрам, як і для іншых рэгіёнаў РФ - ніхто на нас, прынамсі, не скардзіўся - будзем выконваць нашы дамоўленасці.


Алег Бецін, губернатар Тамбоўскай вобласці Расіі: Я быў тут больш за 10 гадоў таму. Мы з вамі сустракаліся, і тады быў дадзены старт супрацоўніцтву. Сёння вельмі змянілася і краіна, і сталічны рэгіён. Ёсць чаму зайздросціць, ёсць з чаго браць прыклад. Ёсць такія моманты новыя, калі мы можам развіваць супрацоўніцтва па тых кірунках, якія вядомыя, але тармазіліся. Не было кантакту. Напрыклад, у нас ёсць хімічнае прадпрыемства ААТ Пігмент, якое пастаўляе больш за 10 тысяч тон хімікатаў за год для беларускіх прадпрыемстваў. Мы маглі б разгледзець пытанне і стварыць сумесную вытворчасць. Мы гатовыя гэтыя пляцоўкі, цэхі падаць як сумеснае прадпрыемства. Колькі трэба, столькі і вырабляйце.

Губернатар Тамбоўскай вобласці прапанаваў беларускаму боку разгледзець пытанне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па вытворчасці будаўнічых кранаў. У гэтым расійскім рэгіёне ўжо арганізаваны дылерскія і сэрвісныя цэнтры Гомсельмаша, Амкадора, МТЗ. Паспяхова функцыянуюць фірменныя гандлёвыя дамы шэрагу вядомых марак.