Беларусь прапаноўвае пераглядаць нарматывы размеркавання сум увазных пошлін кожныя тры гады

28 ноября 2018

Беларусь выступае за справядлівую канкурэнцыю ў ЕАЭС і прапаноўвае пераглядаць нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін кожныя тры гады з улікам аб'ёму імпарту. Напярэдадні ў Мінску міжурадавы савет ЕАЭС абмеркаваў шляхі далейшага развіцця аб'яднання. Акцэнты ў першую чаргу - эканамічныя. Бо філасофія па стварэнні абсалютна свабодных калідораў руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы на практыцы ўсё яшчэ сутыкаецца з бар'ерамі ў арганізацыі. На гэта напярэдадні звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі падчас сустрэч з удзельнікамі савета. Вольга Макей прадоўжыць.

Правілы павінны быць агульнымі для ўсіх. Канцэпцыя справядлівасці, якую будуе інтэграцыя, патрабуе ўсё больш уважлівага стаўленя. Да канца чацвёртага года паўнавартаснай працы аб'яднання ЕАЭС падыходзіць як з важкімі дасягненнямі, так і з бачнымі недапрацоўкамі. На гэтым Аляксандр Лукашэнка як раз і зрабіў галоўны акцэнт.

Днямі старшыня калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян агучыў лічбу: у ЕАЭС зараз 66 бар'ераў у гандлі. Усе яны ўнесены ў так званую Белую кнігу, гэта своеасаблівы план па здыманні перашкод. Але, усё гэта наступства таго, што ў саюзе дагэтуль не атрымалася ўзгадніць адзіную палітыку ў прамысловасці, АПК і энергетыцы.

У той жа час у стратэгічных кірунках маладой інтэграцыі - паслядоўны рух наперад. Гэта датычыцца лічбавага парадку дня ЕАЭС і ўзмацнення ролі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама падчас работы савета стала вядома, што нацыянальныя валюты будуць займаць усё большую долю ва ўзаемных разліках паміж пяццю краінамі. На фоне такога ўзмацнення фінансавага блока Беларусь прапаноўвае і пэўныя рашэнні па пытанні размеркавання мытных пошлін. Не падаўжаць дзеючыя нарматывы, а пераглядаць іх раз у тры гады. Гандлёвыя бар'еры і выняткі - таксама ў цэнтры ўвагі савета.

Па выніках пасяджэння падпісана больш за дзясятак дакументаў. Яны датычацца лічбавага парадку дня, сумесных прагнозаў развіцця АПК, зацвярджэння праграмы мерапрыемстваў да святкавання 25-годдзя еўразійскага праекта і 5-годдзя падпісання Дагавора аб ЕАЭС.

Наступны раз вось так за круглым сталом "еўразійская пяцёрка" збярэцца на наступным тыдні. На 6 снежня прызначаны саміт кіраўнікоў дзяржаў, ён пройдзе ў Санкт-Пецярбургу. Ва ўрадаў 9 дзён на рашэнне пытанняў, якія засталіся.