Беларусь падтрымлівае рашучасць Кітая браць на сябе абавязацельства абараняць мір ва ўсім свеце

16 мая 2017

Завяршыўся рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай. Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Беларускі лідар падкрэсліў, што Кітай – дарагі сябар нашай краіны, а таксама падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў маштабным форуме "Адзін пояс і адзін шлях". Аляксандр Лукашэнка адзначыў цікавую форму правядзення саміту, яркую праграму і магчымасць правесці двухбаковыя перамовы. А таксама падкрэсліў, што выступленне Сі Цзіньпіна на форуме было яркім, магутным і канкрэтным.

Бакі падпісалі міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, якая будзе накіраваная на падтрымку будаўніцтва сацжылля ў Беларусі, а таксама аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Акрамя таго, гаварылі аб магчымасці ўзаемнага ўвядзення бязвізавага рэжыму да 30-ці дзён, стварэнні рабочай групы па барацьбе з тэрарызмам, а таксама выдзяленні Беларусі мільярда долараў крэдыту для завяршэння мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Акрамя гэтага, мы зацікаўленыя ў пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, распрацоўцы сучасных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі.

Сі Цзіньпін, Старшыня КНР: "Вы мой добры сябар. Заўсёды, сустракаючыся з Вамі, я адчуваю цёплыя пачуцці. Таму я горача вітаю Вас на міжнародным форуме высокага ўзроўню "Адзін пояс і адзін шлях". Да таго ж, як Вы адзначалі раней, Беларусь уносіць вялікі ўклад у развіццё стратэгіі і канцэпцыі "Аднаго пояса і аднаго шляху". Таксама адзначу, што Беларусь і Кітай дабіліся значных вынікаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і заўсёды дасягаюць кансэнсусу па прынцыповых пытаннях. Я упэўнены ў добрай будучыні нашых адносін".

А напярэдадні ў Пекіне адбыўся галоўны эканамічны форум пяцігоддзя - "Адзін пояс і адзін шлях". У ім прынялі ўдзел сусветныя лідары з 29-ці краін. На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з кіраўніцтвам шэрагу краін Афрыкі, Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі і выступіў з ініцыятывамі беларускага боку, дзе заклікаў сусветную супольнасць выкарыстаць унікальную гістарычную магчымасць для пераходу да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Эксперты называюць Беларусь адной з вузлавых платформ новага Шаўковага шляху ў еўразійскім рэгіёне.

Наша краіна першай у Еўропе і адной з першых у свеце падтрымала і ўжо пачала будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Разам з Кітаем мы ўзводзім індустрыяльны парк "Вялікі камень". І гэта не толькі інфраструктура і бізнес на дзясяткі мільярдаў долараў, гэта яшчэ і новая прававая база адносін шмат у чым узорная для свету. Індустрыяльны хаб, найбуйнейшы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Па выніках саміту 68 краін падпісалі з Кітаем пагадненні аб супрацоўніцтве ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях".