Беларусь падтрымае ідэю ўключэння шахмат у праграму зімовых Алімпійскіх гульняў

18 декабря 2015

Пра гэта сёння дамовіліся Прэзідэнт Беларусі і кіраўнік FIDE. Гэтая сустрэча таксама была запланаваная ў рабочым графіку беларускага лідара.

Кірсан Ілюмжынаў да 2010 года займаў пасаду кіраўніка Калмыкіі. Гэтым суб'ектам Расійскай Федэрацыі ён кіраваў 17 гадоў. Шахматамі захапляецца з дзяцінства, у 15 гадоў быў першым у дарослай зборнай Калмыкіі. А 20 гадоў таму стаў кіраўніком Міжнароднай шахматнай федэрацыі. У гэтыя дні ў Мінску вызначаюць самага хуткаснага гульца кантынента. Чэмпіянат Еўропы па хуткіх шахматах і бліцы - адным з самых значных спаборніцтваў у гэтым відзе спорту. У Беларусі турнір такога маштабу праходзіць упершыню.

Аляксандр Лукашэнка і Кірсан Ілюмжынаў дамовіліся праводзіць значныя шахматныя турніры ў Беларусі рэгулярна. Плануецца што ў лістападзе наступнага года Мінск прыме чэмпіянат свету сярод жанчын па накаўт-сістэме, дзе 64 наймацнейшыя шахматысткі з паўсотні краін будуць змагацца за права быць лепшай на планеце. Акрамя таго, на сустрэчы гаворка зайшла і пра ўвядзенне шахмат у школьную праграму. Такая практыка дзейнічае ў многіх краінах свету. Бо інтэлектуальная гульня дазваляе развіваць лагічныя і аналітычныя здольнасці.