Беларусь адкрытая для супрацоўніцтва з Сірыяй і гатовая ўсяляк удзельнічаць у аднаўленні краіны

22 июля 2019

Прэзідэнт сёння сустрэўся  з сірыйскім міністрам. Валід аль-Муалем з'яўляецца віцэ-прэм'ерам  і адначасова ўзначальвае  знешнепалітычнае ведамства.

Беларусь адкрытая для супрацоўніцтва з гэтай дзяржавай і гатовая ўсяляк удзельнічаць у аднаўленні краіны. Закрытых тэм паміж Мінскам і Дамаскам няма. Праз унутрысірыйскі канфлікт кантакты былі не такія інтэнсіўныя, але ў апошнія тры-чатыры гады ўзаемадзейнічаюць усё больш актыўна. Ужо адбылося некалькі ўрадавых візітаў. 

Сітуацыя ў Сірыі застаецца напружанай. У рэгіёне  адбываюцца новыя перастрэлкі. Самае няпростае становішча ў правінцыях Хама, Алепа і Ідліб. На сустрэчы ў Мінску ішла размова наконт сітуацыі ў краіне і шляхоў вырашэння крызісу.  Лакальны канфлікт выліўся ў зацяжную вайну, якая доўжыцца ўжо восем гадоў. У Сірыі вельмі разлічваюць, што Беларусь возьме ўдзел у аднаўленні краіны. Агульную эканоміку трэба падцягваць да ўзроўню палітычных кантактаў. Як і ў якіх сферах, абмяркуе міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Пакуль тэрміны сустрэчы ў Дамаску ўзгадняюцца. Размова там пойдзе пра магчымыя сумесныя праекты. Перспектыўныя, напрыклад, пастаўкі тэхнікі. Развіццё эканамічных кантактаў праходзіць на фоне паспяховага гуманітарнага ўзаемадзеяння.

Улічваючы складаны перыяд, Беларусь працягнула Сірыі руку дапамогі. Ужо некалькі гадоў прымае на аздараўленне сірыйскіх дзяцей. Праграма па адпачынку дзяцей з гэтай арабскай краіны праходзіць пад патранатам Кіраўніка дзяржавы. Сірыйскіх дзяцей прымалі ў Палацы Незалежнасці! Паставіліся з вялікай увагай і цеплынёй. Сёлета ўвесь чэрвень у "Зубраняці" адпачывалі амаль паўтысячы сірыйскіх дзетак. Афіцыйны Дамаск цэніць такі жэст і ўдзячны за падтрымку. Пасля просьбы падоўжыць праграмы аздараўлення для сірыйскіх дзяцей Аляксандр Лукашэнка засведчыў, што гэтае пытанне будзе распрацаванае.