Беларусь мае намер рэалізаваць усе дамоўленасці з Нью-Дэлі на вышэйшым узроўні

13 марта 2018

Гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з паслом Індыі.

Вывесці супрацоўніцтва на прынцыпова новы ўзровень было ключавой задачай вераснёвага афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю. Па яго выніках падпісаны амаль два дзясяткі важных дакументаў, а гэта ў перспектыве кантракты і бізнес-праекты на дзясяткі і сотні мільёнаў долараў. Дасягнуты дамоўленасці па лакалізацыі ў Індыі вытворчасцяў беларускіх гігантаў машынабудавання - Гомсельмаша, МТЗ і МАЗа, нарошчванні вытворчасці ў Беларусі лекаў з выкарыстаннем індыйскіх тэхналогій. А яшчэ праекты ў сферы здабычы карысных выкапняў, транспарту, тэкстыльнай прамысловасці і турызму.

Летась наша краіна экспартавала ў паўднёваазіяцкую дзяржаву тавараў на суму, якая перавышае 300 мільёнаў долараў. Рост 13 % да ўзроўню 2016 года. Аснова - калійныя ўгнаенні, хімічная і прадукцыя спецпрызначэння. Ёсць цікавасць да пашырэння супрацоўніцтва ў многіх галінах: ад сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, машынабудавання, энергетыкі да IT. Новыя магчымасці ў гандлі абяцае стварэнне свабоднай зоны Індыі з ЕАЭС. У студзені адбыўся першы раўнд перамоў па заключэнні пагаднення.