Беларусь максімальна выкарыстала пляцоўку ШАС для ўмацавання міру і стабільнасці

15 Чэрвеня 2019

Беларусь максімальна выкарыстала пляцоўку Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку для ўмацавання міру і стабільнасці, а таксама прасоўвання ўласных інтарэсаў.

У нашай краіны статус назіральніка ў арганізацыі, але афіцыйны Мінск не мае намеру пасіўна сузіраць несправядлівасць. За гэтую пазіцыю шануюць калегі. Аляксандр Лукашэнка напярэдадні прама і проста гаварыў на саміце пра крызіс у сферы глабальнай бяспекі. Без цеснага ўзаемадзеяння дзяржаў і міжнародных структур, без выпрацоўкі ўзгодненых крокаў немагчыма забяспечыць мір і развіццё. Патрэбен дыялог! Такія ініцыятывы, як "Хельсінкі-2" або спалучэнне еўразійскай і еўрапейскай інтэграцыі ўжо прасоўваюцца айчыннай дыпламатыяй і падтрыманы шматлікімі палітыкамі ў свеце. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў некалькі навацый. Напрыклад, сустрэчу генеральных сакратароў ААН, АБСЕ, ШАС, НАТА і АДКБ - гэта важны крок да даверу. Або яшчэ - эканамічныя праекты, якія аб’яднаюць гігантаў і сярэднія па габарытах краіны шанхайскай сям'і. Такія сувязі выводзяць партнёраў з-пад знешняга націску і ўмацоўваюць суверэнныя пазіцыі.

На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг двухбаковых сустрэч. У перагаворным марафоне - Кітай, Расія, Індыя, Узбекістан, Таджыкістан, Афганістан, Пакістан і Кыргызстан. У прыватнасці, з Уладзімірам Пуціным абмеркавалі тактыку і стратэгію глыбокай саюзнай інтэграцыі, гатоўнасць да новай сустрэчы на вышэйшым узроўні і ўдзел Расіі ў II Еўрапейскіх гульнях. Са старшынёй Сі Цзіньпінам гаварылі пра найхутчэйшае завяршэнне інвестпраектаў з удзелам кітайскага капіталу ў Беларусі і статусны міжнародны форум на базе "Вялікага каменя".

Дарэчы, сёння старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі адзначае дзень нараджэння. Афіцыйнае віншаванне накіраваў наш Прэзідэнт, а напярэдадні Аляксандр Лукашэнка асабіста павіншаваў сябра з 66-годдзем. Паміж лідарамі склаліся добрыя адносіны - яны называюць адзін аднаго няйнакш як сябрамі або братамі. Таму беларускі Прэзідэнт прадугледзеў падарунак з асаблівым сэнсам. Гэта бронзавая скульптура бусла. Птушка мае вялікае значэнне не толькі ў нас, але і ў Кітаі. Сімвал мудрасці і даўгалецця, прадвеснік дабрабыту, нясе ў сабе пажаданне міру. І ў нас, і ў Кітаі вераць, што двор, дзе буслы будуюць сваё гняздо, зараджаны на дабро. Яшчэ адзін сяброўскі прэзент будзе дарэчы да святочнага стала. Гэта ўжо ўпадабаныя кітайскім лідарам беларускія прадукты. Самыя карысныя і экалагічна чыстыя. Прадукты ў падарункавым кошыку былі выключна з радзімы Прэзідэнта, з Александрыі. З нагоды нашы калегі пабывалі на радзіме кіраўніка Кітая і рыхтуюць эксклюзіўны рэпартаж, які выйдзе заўтра ў "Галоўным эфіры".

Што тычыцца саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, то экспертная супольнасць лічыць, што прапановы афіцыйнага Мінска, якія прагучалі там, вельмі своечасовыя. Новыя фарматы ўзаемадзеяння для сусветных гульцоў патрэбныя як ніколі.