Беларусь - Іран: узровень супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі варта павышаць

15 декабря 2016

Сёння Прэзідэнт сустрэўся з паслом Ірана з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, узровень супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі  варта павышаць і  значна. Аб'ём двухбаковага гандлю  пакуль невялікі. З пачатку года ён складае 38 мільёнаў долараў. Галоўная прычына гэтага - узмацненне ў апошнія гады рэжыму аднабаковых фінансава-эканамічных санкцый у дачыненні да Ірана.

 

Гаворачы аб гандлёвым узаемадзеянні, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў абедзвюх краін ёсць вялізны  нявыкарыстаны  патэнцыял. Таму эканамічнае супрацоўніцтва  неабходна  нарасціць, даручыў Прэзідэнт. У экспартным пакеце Беларусі ў Іран - беларуская машынабудаўнічая класіка, касметыка, будматэрыялы, оптыка. З Ірана  мы атрымліваем арэхі, садавіну, медыцынскія прыборы.

Невялікае падзенне паказчыкаў сумеснай эканомікі аднак не перашкодзіла рэалізаваць шэраг інвестыцыйных праектаў: Напрыклад, адзін з самых вялікіх у Беларусі лагістычных комплексаў быў пабудаваны  з прыцягненнем іранскіх інвестыцый. Ён адкрыўся тры гады таму.

Акрамя таго, вясной стала вядома, што вытворца аўтамабіляў Samand плануе вярнуцца ў нашу краіну - на беларуска-іранскай эканамічнай камісіі ў Тэгеране ў маі быў падпісаны адпаведны мемарандум. Сёлета краіны падпісалі і дарожную карту супрацоўніцтва  на найбліжэйшыя два гады.  Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка лічыць 2017-ы  вызначальным годам у  адносінах дзвюх краін. Супрацоўніцтва Беларусі і Ірана  можна і трэба развіваць.

Махамад Рэза Сабуры, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ірана ў Беларусі: "Я і ўсе ў кіраўніцтве Ірана абсалютна салідарныя з Вамі. Мы сапраўды не выкарысталі ў поўнай меры патэнцыял двухбаковых адносін. Усё, што вырабляецца ў Беларусі, запатрабавана ў Іране і наадварот.  Нам трэба прыкласці намаганні для развіцця ўзаемаадносін. Але, спадар Прэзідэнт, вы добра разумееце, што па аб'ектыўных прычынах былі вызначаны бар'еры".

Дыпламатычным адносінам Мінска і Тэгерана  больш за 20 гадоў. Аляксандр Лукашэнка двойчы наведваў Іран. Адбыліся і два візіты ў адказ лідара Ісламскай Рэспублікі.

Летась ва Уфе на палях самітаў БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва  прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Хасанам Рухані.

Сёння Кіраўнік дзяржавы выказаў гатоўнасць асабіста сустрэцца з прэзідэнтам Ірана і абмеркаваць развіццё двухбаковых адносін. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, маючая адбыцца сустрэча павінна быць добра падрыхтавана, прынятыя раней рашэнні неабходна яшчэ раз вывучыць і пакінуць толькі тое, што мы разам  можам рэалізаваць.