Беларусь і Сусветны банк гатовыя зрабіць узаемнае супрацоўніцтва больш маштабным і насычаным

2 июня 2016

Стратэгію на будучы год, канкрэтныя праекты і напрамкі абмяркоўвалі на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы і віцэ-прэзідэнта гэтай фінансавай арганізацыі. Напярэдадні размова прайшла ва ўрадзе, сёння дамоўленасці замацаваліся на вышэйшым узроўні. У прыватнасці, Сусветны банк гатовы і далей аказваць садзейнічанне нашай краіне ў пытанні павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі і мадэрнізацыі вытворчасцяў. З кожным годам супрацоўніцтва Беларусі і Сусветнага банка ўмацоўваецца. Пры гэтым пазітыўная дынаміка ў адносінах толькі падкрэслівае іх высокую эфектыўнасць. Пацвярджэнне таго - шэраг паспяховых праектаў. У ключы канструктыўнага дыялогу бакі маюць намер працаваць і надалей. Перспектыўным напрамкам стане таксама падтрымка малога і сярэдняга бізнесу. Пра што яшчэ дамовіліся на сустрэчы?

Падрабязнасці ў Аляксея Адашкіна.

Ужо напрыканцы лета ў Гродне будуць па-новаму перапрацоўваць смецце. У вёсцы Рагачы за 17 кіламетраў ад абласнога цэнтра пачне працаваць сучаснае прадпрыемства па сартаванні адходаў. Новы завод будзе ўдзельнічаць ва ўтылізацыі смецця з Гродна і наваколляў. Фінансуе будаўніцтва Сусветны банк. На ўвесь праект выдзелена 42,5 мільёна долараў.

Валерый Крывец, гендырэктар Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама: 

"На сённяшні дзень асваенне па гэтым аб'екце склала каля 70%. Ён знаходзіцца ў завяршальнай стадыі. Тэндэнцыя - больш перапрацоўваць. Чым больш перапрацоўваць, тым менш будуць забруджвацца нашыя нетры".

Завод будуецца на пад'ездзе да палігона бытавых адходаў, які ўжо амаль увесь запоўнены. На прадпрыемстве патокі смецця будуць сартаваць. Агульную масу падзеляць на пластык, шкло, паперу, тэкстыль. Гэта значыць выдзеляць тыя матэрыялы, якія яшчэ можна выкарыстаць другасна. Пасля запуску завод зможа перапрацоўваць да 120 тысяч тон адходаў за год. Прадпрыемства будзе працаваць без выхадных і ў тры змены. Плануецца працаўладкаваць тут больш чым дзве сотні чалавек.

Валерый Крывец, гендырэктар Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама": 

"Сусветны банк укладвае грошы толькі тады, калі праект эканамічна акупліваецца і мэтазгодны. Таму з боку Сусветнага банка пастаянная ўвага. Раз у квартал прыязджаюць яго прадстаўнікі, кіраўнік праекта Клімена Ёнкава, і мы праводзім нарады на тэму перспектыў".

Наша краіна ўдзельнічае ў рабоце Сусветнага банка з 1992 года. За апошні час аб'ем выдзеленых сродкаў з боку Сусветнага банка значна вырас. І гэта добры знак, гавораць фінансісты.

Памеры крэдытнага партфеля Сусветнага банка ў кожнай краіне - гэта вельмі важны індыкатар для замежных інвестараў. Чым больш істотны аб'ём узаемадзеяння, тым больш даверу да надзейнасці і прадказальнасці канкрэтнай дзяржавы. Бо эксперты глабальнай фінансавай карпарацыі, перш чым выдзяляць грошы, вельмі ўважліва ацэньваюць усе эканамічныя паказчыкі. Зараз у Беларусі рэалізуецца серыя праектаў з удзелам Сусветнага банка на агульную суму 1 мільярд долараў. І гэтая лічба як зялёнае святло для астатніх інвестараў, зацікаўленых у супрацоўніцтве з нашай краінай.

Сірыл Мюлер пасаду віцэ-прэзідэнта Сусветнага банка займае ўжо пяць гадоў. Спачатку ён адказваў за знешнія і карпаратыўныя сувязі. Апошні год адказвае за рэгіён Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Топ-менеджар глабальнай фінансавай арганізацыі напярэдадні правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Беларусі і кіраўніком верхняй палаты нашага парламента. Сёння сустрэча ў Палацы Незалежнасці з Прэзідэнтам. Сірыл Мюлер у Мінску папярэдні раз быў 20 гадоў таму. Як ён прызнаўся, яго вельмі ўразілі тыя змяненні, якія адбыліся ў нашай краіне за гэты час. Тым больш, што ў нейкай меры ў абнаўленні Беларусі ёсць заслуга і Сусветнага банка.

На развіццё ляснога сектара ў Беларусі Сусветны банк толькі летась накіраваў 40 мільёнаў долараў. Праект прадугледжвае аказанне прамой падтрымкі 25 тысячам супрацоўнікаў амаль сотні лясгасаў рэспублікі. Выкарыстанне новых тэхналогій у гэтай галіне значна павысіць эфектыўнасць працы. На грошы Сусветнага банка павінна быць закуплена сучасная лесанарыхтоўчая тэхніка. Акрамя таго, сродкі, якія паступілі, будуць накіраваны і на абнаўленне сістэм маніторынгу і тушэння лясных пажараў.

Яшчэ больш грошай Сусветнага банка накіравана на развіццё транспартнай сеткі ў Беларусі. 250 мільёнаў долараў выдзелена на мадэрнізацыю калідора Мінск - Гродна - мяжа з Польшчай. Зараз завяршаецца будаўніцтва іншай аўтатрасы: Мінск - Гомель. Глабальная фінансавая арганізацыя ўклала 150 мільёнаў долараў у стварэнне сучаснай 4-палоснай шашы са сталіцы ў абласны цэнтр.

Максім Папоў, начальнік упраўлення Гомельскага аблвыканкама: 

"Адбываецца злучэнне трансеўрапейскага прызначэння, злучаюцца акваторыі Балтыйскага і Чорнага мораў, дарогі якіх праходзяць па тэрыторыі нашай краіны практычна цалкам. Таксама хацелася б адзначыць значнасць дадзенай дарогі. Улічваючы, што наша краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, злучае ўсходнія і заходнія краіны, развіццё гэтых аўтамагістраляў дазволіць больш прыцягваць перавозчыкаў аўтамабільным транспартам, ствараць транзітныя ўмовы, спрыяльныя для большага транспартнага патока".

Штогод група Сусветнага банка рыхтуе даклад, які ацэньвае ўмовы вядзення бізнесу ў 189 краінах свету.

У 2015 Беларусь у гэтым аўтарытэтным даследаванні заняла 44-е месца. Нам удалося апярэдзіць у рэйтынгу такія дзяржавы, як Італія, Расія, Ізраіль і Люксембург. Па асобных параметрах справаздачы Беларусь і зусім уваходзіць у першую трыццатку.

Наша краіна ўтрымлівае лідарскія пазіцыі па параметрах "рэгістрацыя ўласнасці" і "рэгістрацыя прадпрыемстваў". Высокія ацэнкі экспертаў Сусветнага банка мы атрымліваем і ў сферы "міжнародны гандаль" і "забеспячэнне выканання кантрактаў".

Беларусь пры гэтым прызнаная адным з вядучых на планеце рэфарматараў дзелавога клімату. За апошняе дзесяцігоддзе рэспубліка правяла больш за тры дзясяткі змяненняў, якія спрасцілі працу бізнесу. Сусветны банк фінансуе толькі перспектыўныя праекты, у якіх бачыць рэальны эканамічны эфект. Таму аналітыкі арганізацыі так уважліва вывучаюць кожную з краін, якія прэтэндуюць на фінансаванне.

Ахова прыроды, энергетыка, дарожнае будаўніцтва, водазабеспячэнне і адукацыя. А яшчэ кіраванне дзяржаўнымі фінансамі і лясная гаспадарка. Гэта тыя кірункі, па якіх Беларусь і Сусветны банк узаемадзейнічаюць найбольш актыўна. Мяркуючы па настроі топ-менеджменту глабальнай арганізацыі, колькасць сумесных праектаў можа вырасці ўжо ў найбліжэйшы час.

Сірыл Мюлер, віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі: 

"Сапраўды, нам удалося за апошнія гады дасягнуць істотных пазітыўных вынікаў. Нам удалося значна нарасціць тэмпы і аб'ёмы сумесных праграм. І я хацеў бы папрасіць вас аб садзейнічанні ў далейшым нашым сумесным праграмам і праектам. На сённяшні дзень аб'ём нашага двухбаковага супрацоўніцтва дасягнуў мільярда долараў, і гэта істотны вынік. Мы маем намер рухацца наперад. Як вы зазначылі, мы пачынаем разам з вамі, разам з вашым урадам распрацоўваць стратэгію на будучыню. І я буду ўдзячны, калі вы вызначыце ключавыя пункты, на якія нам варта звярнуць увагу. Як крыху перфекцыяніст, я заўсёды мяркую, што мы можам зрабіць больш".

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці сёння абмяркоўваліся канкрэтныя кірункі і праекты для далейшага супрацоўніцтва. Бакі хочуць зрабіць узаемадзеянне яшчэ больш маштабным. Сусветны банк гатовы і далей аказваць нашай краіне садзейнічанне ў мадэрнізацыі як вытворчага сектара, так і інфраструктурнага. Падтрымка беларускага малога і сярэдняга бізнесу - таксама ў планах глабальнай фінансавай арганізацыі. Галоўная мэта - усе сумесныя праекты павінны развіваць чалавечы капітал. Іншымі словамі - каб эканоміка працавала на людзей.