Беларусь і Узбекістан пачалі перазагрузку адносін

29 ноября 2018

Краіны нагналі адставанне ў гандлі, якое адбылося амаль за два дзясяткі гадоў. Каб дасягнуць вызначаных мэт, яшчэ шмат трэба зрабіць. Актывізацыя супрацоўніцтва сёння стала тэмай размовы ў Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка прыняў пасла Узбекістана ў Беларусі. Жаданне надаць імпульс нашым адносінам ёсць у кожным з бакоў. Эканомікі дзвюх краін адна адну дапаўняюць. Падрабязная дарожная карта ўзаемадзеяння была падрыхтаваная па выніках перамоў лідараў у Ташкенце ў верасні гэтага года. Палітычныя і эканамічныя сувязі падмацоўваюцца і па-сапраўднаму шчырым сяброўствам прэзідэнтаў. Усё гэта адкрывае магчымасці для сумесных праектаў. У прыярытэце вытворчая кааперацыя ў машынабудаванні, АПК, IT-сферы, а таксама ў транспартнай і фармацэўтычнай галінах. Аб перспектывах Мінска і Ташкента падрабязна Вераніка Бута.

Сустрэчы з пасламі ў прэзідэнцкім графіку рэгулярныя. Кіраўнік дзяржавы з кіраўнікамі дыпламатычных місій мае зносіны не толькі з нагоды пачатку альбо завяршэння іх працы ў нашай краіне. Гэта добрая магчымасць трымаць руку на пульсе двухбаковых адносін. Сёння ў Палацы Незалежнасці звяралі пазіцыі Беларусь і Узбекістан.

Насірджан Юсупаў - першы кіраўнік пасольства Узбекістана ў нашай краіне. У гэтым рангу ён з красавіка. Ды і само дыппрадстаўніцтва ў беларускай сталіцы адкрылася толькі ў сакавіку гэтага года. Адносіны афіцыйных Мінска і Ташкента зараз развіваюцца значна больш інтэнсіўна. Сапраўдную перазагрузку нашы эканомікі атрымалі пасля прыходу на прэзідэнцкую пасаду Шаўката Мірзіёева. У размове з паслом гэты факт адзначае Аляксандр Лукашэнка. Як вынік поўнага ўзаемаразумення двух лідараў - краіны ўжо здолелі нагнаць адставанне ў гандлі.

Ташкенцкая сустрэча ў верасні, аб якой гаворыць пасол, сапраўды стала новым пунктам адліку ў адносінах Беларусі і Узбекістана. Гэта быў першы поўнафарматны дыялог двух лідараў. Больш за 20 гадоў паміж краінамі не было цеснага супрацоўніцтва, візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкент цалкам перазагрузіў міждзяржаўны дыялог. Два з паловай месяцы таму прэзідэнты вызначылі і новую планку ў гандлі: на найбліжэйшую перспектыву (да 2020 года) паўмільярда долараў, у патэнцыяле давесці тавараабарот да мільярда.

Задача, вядома, амбіцыйная, але рост бачым штогадовы. Летась - больш як удвая. Прыраслі і ў 2018. Па выніках 9 месяцаў Беларусь і Узбекістан нагандлявалі на 121 мільён. 2/3 - беларускі экспарт. Садзейнічаць узаемнаму гандлю будуць і мытнікі дзвюх краін. Нядаўна намеры пацвердзілі адпаведным пагадненнем.

Прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва пасля вераснёвых перамоў трапілі ў дарожную карту. Там задачы і шляхі іх рэалізацыі па ўсіх кірунках. Размова ў дакуменце не толькі аб павелічэнні аб'ёмаў паставак, у першую чаргу бакі цікавіць кааперацыя.

Лёгпрам - толькі адзін з кірункаў партнёрства, уключаны ў дарожную карту. Беларусь паўдзельнічае рублём ва ўзбекістанскім кластары вытворцаў бавоўны. Азіяцкая краіна, дарэчы, гатовая прапанаваць ледзь ці не дзясятак такіх праектаў.

Перспектывы бачаць і ў пашыве абутку. Найбуйнейшы беларускі вытворца ў гасцях мае намер з нуля стварыць кампанію з гадавой магутнасцю больш за мільён пар. Для нас гэта новая вытворчая пляцоўка і вялікі рынак. Азіяцкага спажыўца пазнаёмяць з беларускай якасцю ўжо ў будучым годзе.

Замацавацца ў якасці пастаўшчыка на ўзбекістанскім рынку мае намер і беларускі "Камволь". Канцэрн гатовы выкарыстаць выгадную падставу: ва Узбекістане ўводзяць адзіныя стандарты школьнай формы. Мясцовыя фабрыкі атрымаюць важкія заказы. "Камволь" трымае руку на пульсе, актыўна падтрымліваючы перамовы аб пілотных пастаўках тканіны ў Ташкент.

Наталія Мурашка, начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў канцэрна "Беллёгпрам": "Г.з. на сёння гэты перспектыўны кірунак супрацоўніцтва. Пакуль цяжка сказаць, якія аб'ёмы, гэтыя пытанні ў актыўнай стадыі прапрацоўкі. "Камволь" ужо мае вопыт супрацоўніцтва і паставак тканіны менавіта для пашыву школьнай формы як у РФ, так і на ўнутраны рынак. Таму асартымент ужо распрацаваны, ён ёсць. Будзем спадзявацца, што прадукт знойдзе попыт на рынку Узбекістана".

Добра знаёмыя узбекістанцам машыны "Амкадор" (там выпускаюць 11 відаў пагрузчыкаў, а яшчэ каткі) і трактары "Беларус". Іх у наступным годзе плануюць сабраць каля тысячы. Усю тэхніку вырабляюць на заводзе ў Ташкенце. Неўзабаве МТЗ плануе пабудаваць ва Узбекістане і свой сэрвісны цэнтр. Вялікім попытам карыстаюцца і нашы БелАЗы. Не кожная тэхніка вытрымае такія ўмовы. Беларускія самазвалы сябе зарэкамендавалі, а таму гэтым летам падпісаны яшчэ адзін кантракт - плюс 260 кар'ерных машын. Але пакуль у рэгіёне няма комплекснага абслугоўвання БелАЗаў, запчасткі даюць толькі дылеры. Тэма адкрыцця свайго сэрвіснага цэнтра таксама знайшла сваё месца ў дарожнай карце.

Крыху пазней у размове з журналістамі дыпламат адзначыць, афіцыйны візіт у Беларусь прэзідэнта Узбекістана можа адбыцца ўжо ў будучым годзе.

У наступным годзе краіны прадоўжаць дыялог яшчэ і на ўзроўні рэгіёнаў. Практыка супрацоўніцтва з Расіяй паказала, што такая форма партнёрства сваю эфектыўнасць даказала на практыцы. А таму ў 2019 у Мінску пройдзе і I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.