Беларусь і Украіна актывізуюць працу па стварэнні новых сумесных прадпрыемстваў

26 Красавіка 2017

Беларусі і Украіне неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па чарнобыльскай праблематыцы. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання ва Украіне атамнай станцыі, на якой у красавіку 1986 года адбылася тэхнагенная катастрофа.

У Чарнобылі Аляксандра Лукашэнку сустрэў асабіста Пётр Парашэнка. Разам кіраўнікі дзяржаў ушанавалі памяць загінуўшых ліквідатараў. Усклалі кветкі да "Сцяны памяці" мемарыяльнага комплексу "Героям Чарнобыля". Прэзідэнты таксама наведалі пляцоўку сховішча адпрацаванага ядзернага паліва і азнаёміліся з будаўніцтвам новага бяспечнага ахоўнага будынка над чацвёртым энергаблокам ЧАЭС. Гэты аб'ект з'яўляецца шматфункцыянальным комплексам для ператварэння разбуранай станцыі ў экалагічна бясшкодную сістэму. Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка звярнулі сёння асаблівую ўвагу на работы па падтрыманні на належным узроўні радыяцыйнай бяспекі, паколькі гэта закранае інтарэсы жыхароў абедзвюх краін.

Візіт у адказ Пятра Парашэнкі ў Беларусь адбыўся сёння ж. Прэзідэнты наведалі Свята-Міхайлаўскі храм у Ляскавічах, дзе запалілі свечкі ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай аварыі. А пасля кіраўнікі дзяржаў пагутарылі з жыхарамі аграгарадка.

У фармаце адзін на адзін кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі пэўныя праекты двухбаковага партнёрства. У прыватнасці, Беларусь і Украіна актывізуюць працу па стварэнні новых сумесных прадпрыемстваў у розных галінах эканомікі. Прыярытэтным павінна стаць узаемадзеянне ў прамысловасці, нафтахімічным комплексе, аграрнай і транспартна-лагістычнай сферах. У сваю чаргу Пётр Парашэнка запрасіў Аляксандра Лукашэнку здзейсніць улетку афіцыйны візіт ва Украіну. Падрабязнасці - у "Панараме".