Беларусь і Турцыя плануюць павялічыць тавараабарот да паўтара мільярда долараў

16 апреля 2019
Такую мэту паставілі сёння лідары дзвюх дзяржаў падчас вялікага перагаворнага дня ў Анкары. Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган  мелі зносіны ў Белым палацы - рэзідэнцыі Прэзідэнта Турцыі.  Перамовам   папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы беларускага лідара.  Пратакольныя мерапрыемствы ў Турцыі  вызначаюцца нацыянальным каларытам.  Так,  яшчэ на пад'ездзе, картэж Прэзідэнта  сустрэла конная кавалерыя  з 40-ка вершнікаў, якія суправаджалі  яго да галоўных палацавых варот.  Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган  сустрэліся ўжо на тэрыторыі Белага палаца.  Падчас цырымоніі аркестр  выканаў гімны Беларусі і Турцыі, на фоне якіх,   паводле  нацыянальнай пратакольнай практыкі,   быў дадзены 21 залп.

Прэзідэнты  абмеркавалі актуальныя пытанні,  як у вузкім фармаце,  так і ў пашыраным складзе з удзелам дэлегацый.  На парадку дня -  і палітычнае, і гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. Таксама сёння на вышэйшым узроўні былі падпісаныя пагадненні і дакументы, якія ствараюць дадатковыя ўмовы для развіцця беларуска-турэцкіх сувязяў па шматлікіх кірунках.

Маючы зносіны з журналістамі,  Аляксандр Лукашэнка адзначыў:  цяперашні ўзровень развіцця партнёрства дазваляе ставіць самыя амбіцыйныя мэты.  Важную ролю адыгрывае і той факт,  што паміж краінамі няма ніякіх рознагалоссяў у палітычнай сферы, у тым ліку і па важных міжнародных пытаннях. Але ў аснове супрацоўніцтва - эканоміка. Бакі вылучылі прыярытэтныя кірункі ў галіне  гандлю і інвестыцый. Мэта - дасягнуць узроўню тавараабароту  паўтара мільярда долараў.

Сёння ж у Анкары  прайшла сустрэча дзелавых колаў  абедзвюх краін.  На спецыяльнай пляцоўцы эксперты працавалі над развіццём супрацоўніцтва  і рэалізацыяй новых праектаў у самых розных сферах  ад прамысловасці і навукі да IT, нафтахіміі і харчавання.  Агульная сума дасягнутых на бізнес-форуме пагадненняў ацэньваецца ў  325  мільёнаў долараў.  Нагадаем,   тавараабарот Беларусі і Турцыі летась ушчыльную наблізіўся да адзнакі  мільярд долараў.