Беларусь і Туркменістан поўныя рашучасці нарасціць аб'ёмы тавараабароту

10 декабря 2015

Гэта пацвердзілі прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў на сустрэчы ў фармаце адзін на адзін. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб дамоўленасцях Беларусі і Туркменістана ў сферы машынабудавання і прапанаваў працаваць сумесна на рынках суседніх краін. Яшчэ адзін праект, пра які ішла размова, - Гарлыкскі горна-ўзбагачальны калійны камбінат. Яго беларусы будуюць у Туркменістане пад ключ. Кошт праекта - адзін мільярд долараў. Як падкрэсліў Гурбангулы Бердымухамедаў, яго прадукцыя запатрабаваная ва ўсім свеце, і, як запэўніваюць, гэты аб'ект будзе здадзены ў тэрмін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асноўныя цяжкасці ўжо ў мінулым.

Афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы праходзіць напярэдадні святочнай для Туркменістана падзеі - Дня нейтралітэту. З гэтай нагоды ў Ашхабадзе пройдзе міжнародная канферэнцыя. Пытанні палітыкі, міру і бяспекі абмяркуюць прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў паўсотні краін. Усяго ж чакаюць дэлегацыі з больш чым 80-ці дзяржаў. У мерапрыемствах прыме ўдзел і Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, чакаецца, што падчас візіту прэзідэнты Беларусі і Туркменістана наведаюць сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш. Падрабязнасці ў наступных выпусках.