Беларусь і Таджыкістан дамовіліся вывесці адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства

15 мая 2018

Гэта сёння ў Душанбэ заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Эмамалі Рахмонам.

Па традыцыі перамовам палітыкаў папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы перад цэнтральным уваходам у Палац Нацыі - гэта самая буйная ўрадавая рэзідэнцыя Таджыкістана. Дарэчы, частка мэблі, якой абстаўлены палац, беларускай вытворчасці. Як і заведзена, падчас цырымоніі перад палацам выстраілася рота ганаровай варты, а аркестр выканаў гімны дзвюх дзяржаў.

Пасля палітыкі пачалі перамовы ў фармаце адзін на адзін. Асноўны акцэнт - на актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Як адзначыў наш Прэзідэнт, Беларусь рада поспехам Таджыкістана і гатова развіваць узаемадзеянне па ўсіх напрамках.

З самай раніцы ў Душанбэ стартаваў і бізнес-форум, які не абмежаваўся ўдзельнікамі толькі дзвюх дзяржаў. Цікавасць праявілі прадстаўнікі дзелавых колаў Афганістана, Пакістана, Узбекістана і Казахстана. Гэта важна, бо ёмістасць рынку Таджыкістана не вельмі вялікая, але гэтая краіна адыгрывае важную ролю, знаходзячыся на скрыжаванні гандлёвых шляхоў у сваім рэгіёне. Беларусь прапаноўвае партнёрам кааперацыю ў сферах АПК і прамысловасці.

Сёння на бізнес-форуме падпісаны шэраг дакументаў, сярод якіх кантракт МТЗ на пастаўку трактаракамплектаў. Бабруйскаграмаш займеў пакет пагадненняў, што датычацца пашырэння сумеснай вытворчасці і пастаўкі тэхнікі. Дагавор на гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне заключыў і Гомсельмаш. Дакументы ў сферы паставак прадукцыі са сваімі таджыкскімі партнёрамі падпісалі і беларускія фармацэўтычныя кампаніі.

У цэлым па выніках дзелавых сустрэч у Душанбэ ёсць магчымасць дадаць не менш чым 10 мільёнаў долараў у выглядзе заключаных кантрактаў і дамоўленасцяў, але гэтая лічба можа быць значна большай з улікам наступных дзён працы.