Беларусь і Сербія пашыраюць узаемадзеянне

13 Чэрвеня 2014

Беларуска-сербскае супрацоўніцтва становіцца больш паўнаважкім і дзейсным. Аб гэтым напярэдадні ў Бялградзе заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках афіцыйных перамоў з Прэзідэнтам Сербіі Томіславам Нікалічам. Сустрэча пачалася з урачыстай цырымоніі для высокіх гасцей. Чырвоная дарожка, рота ганаровай варты - абавязковыя атрыбуты афіцыйнага пратакола. Ля аўтамабіля беларускага лідара асабіста сустракаў Прэзідэнт Сербіі. Кіраўнікі дзяржаў цёпла павіталі адзін аднаго. Затым прагучалі гімны дзвюх краін.


У праграме сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Сербіі былі два фарматы. Спачатку Аляксандр Лукашэнка і Томіслаў Нікаліч пагутарылі адзін на адзін. Затым да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены дэлегацый. Аляксандр Лукашэнка адзначыў выключна брацкі характар беларуска-сербскіх адносін і падкрэсліў, што мэта цяперашняга візіту - максімальна выкарыстаць патэнцыял узаемадзеяння дзвюх краін. Па выніках перамоў прэзідэнты прынялі сумесную заяву. Так, Беларусь і Сербія маюць намер пашырыць узаемадзеянне на пляцоўцы АБСЕ. Падпісаны пакет дакументаў аб пашырэнні беларуска-сербскага ўзаемадзеяння ў розных сферах. У прыватнасці, мемарандумы аб развіцці зборачнай вытворчасці тэхнікі МАЗ і стварэнні заводаў па вытворчасці трактароў малой магутнасці ў Сербіі. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў гатоўнасць беларускага боку да далейшага развіцця адкрытых і дружалюбных адносін з Сербіяй і адзначыў эфектыўнасць перамоў, якія адбыліся.


Акрамя гэтага, падчас візіту Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам сербскага парламента - народнай Скупшчыны і Патрыярхам Сербскім Ірынеем. Патрыярх уручыў Прэзідэнту Беларусі вышэйшую ўзнагароду Сербскай Праваслаўнай Царквы - ордэн Святога Савы I ступені. Гэтым ордэнам адзначаюцца выдатныя заслугі ў духоўнай, асветніцкай і гуманітарнай галінах.