Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па ўсіх пытаннях

26 декабря 2018

Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб яшчэ адной сустрэчы да канца года, яна будзе ўзгодненая з улікам графікаў лідараў. Пра гэта заявіла прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі. Паводле слоў Наталлі Эйсмант, мінулыя перамовы можна назваць канструктыўнымі. І як вынік бакі зблізіліся па ўсіх пытаннях. Адзначым, што сустрэча доўжылася крыху меней за чатыры гадзіны і ішла ў закрытым рэжыме. Але і падчас уступнага слова настрой лідараў быў відавочны.

Гэтая сустрэча - добрая падстава, каб правесці рэвізію спраў саюзных за мінулы год і пагаварыць пра наступны. Так, Мінск і Масква прыкметна павялічылі тавараабарот: рост на чвэрць - у суме гэта звыш 32 мільярдаў долараў. Паказчык больш як добры. Акрамя таго, пры сустрэчы сам-насам прэзідэнты сур'ёзна прааналізавалі дамоўленасці і ў рамках Саюзнай дзяржавы.

У выніку перамоў Мінск і Масква дамовіліся стварыць міжурадавую рабочую групу для выпрацоўкі прапаноў па інтэграцыі і рашэнні пытанняў беларуска-расійскіх адносін. Яна зоймецца і вырашэннем сітуацыі вакол нафтавага падатковага манеўру. Абодва бакі выказалі ўпэўненасць, што прыйдуць да агульнага рашэння.