Беларусь і Пакістан рыхтуюцца істотна пашырыць супрацоўніцтва

25 августа 2016

Партнёрскі дыялог з сяброўскім акцэнтам. Беларусь і Пакістан рыхтуюцца істотна пашырыць супрацоўніцтва. Аб гэтым сёння ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з дзяржміністрам па замежных справах, спецпамочнікам прэм'ер-міністра Пакістана Саідам Тарыкам Фатэмі. Высокі госць прыляцеў у Мінск, каб дэталёва абмеркаваць будучы візіт беларускага лідара ў Ісламабад. Аляксандр Лукашэнка плануе наведаць Пакістан ужо ў кастрычніку гэтага года.

Беларусь і Пакістан дасягнулі высокага ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння за вельмі кароткі тэрмін. За мінулыя два гады ў сталіцах дзвюх краін пачалі працаваць пасольствы. Акрамя таго, адбыўся абмен візітамі на вышэйшым узроўні. Аляксандр Лукашэнка наведаў Ісламабад у маі мінулага года. У жніўні 2015-га ўжо ў Мінску сустракалі прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа, які фактычна з'яўляецца першай асобай дзяржавы.

Па выніках мінулага года ўзаемны тавараабарот склаў ледзь менш чым 60 мільёнаў долараў. Бакі абмяркоўваюць уцягванне ва ўзаемавыгадныя адносіны і трэціх краін. У прыватнасці, удзел у беларуска-пакістанскіх сумесных праектах можа зацікавіць Кітай і Расію.