Беларусь і ААЭ заявілі аб гатоўнасці ўмацоўваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах

5 ноября 2019
Працягваецца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Сёння Кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам, прэм'ер-міністрам і міністрам абароны ААЭ, кіраўніком эмірата Дубай шэйхам Мухамедам бен Рашыдам аль-Мактумам. Бакі заявілі аб гатоўнасці ўмацоўваць беларуска-эмірацкае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наша краіна зацікаўлена не толькі ў развіцці гандлёвых адносін, але і ў рэалізацыі сумесных праектаў і абмене вопытам. У прыватнасці, абмяркоўваліся перспектыўныя праекты ў транспартна-лагістычнай, фінансавай сферах. Адзін з іх прадугледжвае стварэнне ў Мінску з дапамогай эмірацкага боку Міжнароднага фінансавага цэнтра. Зараз завяршаецца распрацоўка канцэпцыі дадзенага праекта.

Ёсць вялікі патэнцыял і ў працягу інвестыцыйнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы сельскай гаспадаркі. У гэтым плане абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумесных вытворчасцяў з наступнай рэалізацыяй сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання. ААЭ таксама цікавы беларускі вопыт развіцця сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Акрамя таго, размова ішла аб падрыхтоўцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў да правядзення Сусветнай выставы "Экспо-2020". У прыватнасці, удзеле ў ёй беларускага боку з тым, каб нацыянальны павільён Беларусі быў прадстаўлены ў найлепшым фармаце і спрацаваў з максімальнай аддачай. 

Ацэньваючы перспектывы двухбаковых адносін Беларусі і ААЭ, эксперты па знешнегандлёвай дзейнасці гавораць пра ўзыходны трэнд. Эміраты зацікаўленыя ў дыверсіфікацыі сваёй эканомікі за кошт развіцця вытворчасці і змяншэння залежнасці ад экспарту вуглевадародаў, таму актыўна шукаюць новыя праекты. У гэтым плане Беларусі ёсць што прапанаваць - ад сферы высокіх тэхналогій да развіцця лагістычнага сэрвісу.

Аляксандр Лукашэнка і шэйх Мухамед бен Рашыд прадоўжылі зносіны і падчас афіцыйнага абеду. Пасля яго завяршэння Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў за гасціннасць і падарыў карціну пад назвай "Коні" аўтарства беларускага мастака Андрэя Сіцько. Яшчэ адзін традыцыйны падарунак - кошык з беларускімі мяснымі, малочнымі прадуктамі і прысмакамі.