Беларусь і ААЭ: прарыў у супрацоўніцтве

29 октября 2014

Беларусь і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты выходзяць на якасна новы ўзровень двухбаковых адносін. Пасля двух дзён насычаных перамоў у Абу-Дабі (яны праходзяць у межах рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў ААЭ) эмірацкі бок гаворыць аб прарыве ў супрацоўніцтве. Яго асновай стала ўчарашняя сустрэча Кіраўніка беларускай дзяржавы са спадчынным прынцам ААЭ. Па яе выніках ужо вызначаны асноўныя кірункі далейшага ўзаемадзеяння. Пра гэта ішла размова і на сённяшняй сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з намеснікам прэм'ер-міністра ААЭ, міністрам унутраных спраў краіны шэйхам Сейфам бен Заідам аль-Нахаянам.


Супрацоўніцтва Беларусі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў абяцае стаць не толькі ўзаемавыгадным, але і ўзаемадапаўняльным. Краінам ёсць што прапанаваць адна адной. Аб тым, як рэалізаваць дамоўленасці і павялічыць ключавыя паказчыкі гандлю, Кіраўнік дзяржавы гаварыў крыху пазней на наступнай сустрэчы з шэйхам Тахнунам бен Заідам аль-Нахаянам. Лейтматыў гутаркі ўсё той жа: аб'яднаць намаганні ў сферы развіцця двухбаковых адносін.


Паміж Беларуссю і ААЭ няма ніякіх разыходжанняў і ў міжнародным парадку дня. Гэта таксама адзначалася падчас сённяшніх сустрэч, якія прайшлі ў атмасферы не толькі дзелавой, але і сяброўскай. Больш падрабязна аб сённяшніх перамовах у Абу-Дабі мы распавядзём у нашых наступных выпусках.