Беларусь і Куба гатовыя зрабіць новы крок у развіцці двухбаковых адносінаў

23 мая 2016

Узаемную цікавасць у паглыбленні партнёрства выказалі сёння на сустрэчы Кіраўнік беларускай дзяржавы і першы намеснік старшыні Дзяржсавета і Савета міністраў гэтай краіны. У гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Кубы назіраецца пазітыўная дынаміка. Тавараабарот паміж краінамі за мінулы год удалося практычна падвоіць. Адзначым, што і ў цэлым на рынку краін Лацінскай Амерыкі Куба для нас стабільны і правераны часам партнёр. Да эканамічнага аспекту дадаецца і палітычны. Пазіцыі дзвюх краін па ключавых пытаннях супадаюць - тут і ўзаемная падтрымка ў ААН і ў Руху недалучэння. Разлічвае Востраў свабоды і на ўдзел Беларусі ў сацыяльным і інфраструктурным развіцці сваёй краіны. У прыватнасці, Гаване цікавы наш вопыт у сферы АПК і ў стварэнні Парка высокіх тэхналогій. Наконт чаго яшчэ дамовіліся палітыкі? Падрабязнасці беларуска-кубінскага дыялогу ў Вольгі Макей.

Куба многім вядомая менавіта такой: пясчаныя пляжы, блакітнае мора і 300 сонечных дзён у годзе. За 2015-ы на Востраве свабоды пабывалі тры з паловай мільёна замежных турыстаў. Пры гэтым насельніцтва Кубы крыху большае за беларускае - 11 мільёнаў чалавек. Вядома, для вострава ў Карыбскім моры турызм - асноўны даход. Пашанцавала мясцовым жыхарам і з нетрамі. Куба першая ў свеце па запасах нікелю. Метал у экспарце нумар адзін. У топе тавараў знешняга гандлю і цукар. Гэты прадукт - асноўны артыкул імпарту ў Беларусь. А вось самыя запатрабаваныя тавары нашай вытворчасці на Востраве свабоды - трактары, рухавікі, станкі і мінеральныя ўгнаенні. Зрэшты, Мінск і Гавана не толькі эканамічныя, але і палітычныя партнёры.

Каб вось так паціснуць руку беларускаму лідару, кубінскаму палітыку давялося пераадолець 9 тысяч кіламетраў і правесці ў небе палову сутак, што чарговы раз пацвярджае: для партнёрства перашкод не існуе.

Але лепш пра адносіны Мінска і Гаваны гавораць гэтыя кадры. 2012 год. Аляксандр Лукашэнка з візітам на Кубе.

Прэзідэнт Беларусі ў Гаване бываў тройчы. З Раулем Кастра сустракаліся літаральна паўгода таму - на саміце ААН у Нью-Ёрку. Тады дамовіліся паглыбляць супрацоўніцтва.

За гэтай, здавалася б, пратакольнай фразай вялікая праца. Тавараабарот у 2015-м удалося практычна падвоіць, а Беларусь амаль утрая нарасціла экспарт на Востраў свабоды. Каб утрымаць гэтую планку, на пачатку мая ў Гаване першую сустрэчу правяла беларуска-кубінская камісія па супрацоўніцтве. Усе перспектыўныя праекты прапісалі ў праграме на найбліжэйшыя два гады. Зараз час рэалізоўваць задуманае.

У тым ліку і для гэтага ў Мінску першы намеснік старшыні Дзяржсавета і Саўміна Кубы. Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс па сутнасці правая рука Рауля Кастра. У мінулым ён інжынер-электроншчык, займае партыйныя пасады, у 2009-м узначаліў Міністэрства адукацыі Кубы. Віцэ-прэзідэнтам палітык становіцца тры гады таму.

Аляксандр Лукашэнка пачынае гутарку са слоў "у палітычных адносінах Мінска і Гаваны няма праблем". Рэспублікі падтрымліваюць адна адну ў ААН, Руху недалучэння і іншых міжнародных арганізацыях. А вось віцэ-прэзідэнт Кубы ў гутарцы адзначае мірныя ініцыятывы Мінска. І пацвярджае: адносіны паміж краінамі стратэгічныя і паказальныя для ўсяго Лацінаамерыканскага рэгіёна. Для Вострава свабоды на сусветнай арэне самая важная падзея апошняга часу - пацяпленне ў адносінах са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Гэтую новую старонку ў гісторыі Гаваны і Вашынгтона сёння таксама абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці.

Вядома, галоўная тэма сустрэчы - эканоміка. Куба зараз актыўна развівае сельскую гаспадарку. Чым не ніша для беларускай прамысловасці? Зрэшты, з нашай тэхнікай за акіянам добра знаёмыя. Толькі беларускіх трактароў на Кубе, паводле розных ацэнак, каля 15 тысяч. Летась рэкордная пастаўка - яшчэ 450 сельгасмашын. Акрамя таго, у найбліжэйшы час на Востраў свабоды адправяцца і беларускія станкі. Усё гэта дзякуючы новым формам супрацоўніцтва. Беларусь дае зручныя крэдыты.

А вось адна з самых апошніх дамоўленасцяў - красавіцкі кантракт з МАЗам. З Мінска ў Гавану адправяцца аўтамабілі амаль на суму амаль 4 мільёны еўра. Як збіраюць беларускую тэхніку, Мігель Дыяс-Канель Бермудэс бачыць упершыню. Асабліва зацікавілі напрацоўкі ў энергаэфектыўным машынабудаванні - у аўтобусе, які працуе на прыродным газе, пракацілася ўся кубінская дэлегацыя. У планах - стварэнне зборачнай вытворчасці беларускай тэхнікі.

У кулуарах дзеляцца: настрой у кубінскай дэлегацыі рашучы. У планах - закупка тэхнікі на сотні мільёнаў долараў. Але грошы, як вядома, любяць цішыню. Таму ўжо ў Доме ўрада асноўная частка сустрэчы праходзіць за зачыненымі дзвярамі. Кубінскія ўлады хочуць бачыць Беларусь і ў ролі сур'ёзнага гульца ў сацыяльным і інфраструктурным развіцці Вострава свабоды. Вопытам і тэхналогіямі Мінск дзяліцца гатовы. Акрамя таго, у планах Гаваны - уласны Парк высокіх тэхналогій па беларускім узоры. Наша краіна гатовая дапамагчы Кубе і ў стварэнні сучасных тэлекамунікацыйных і камп'ютарных сістэм.

Нягледзячы на графік, насычаны афіцыйнымі сустрэчамі і перамовамі, кубінскі палітык прыязджае і на плошчу Перамогі. На Востраве свабоды, які перажыў рэвалюцыі і паўстанні, ведаюць цану міру. Таму вянок ад замежнага госця - гэта не толькі даніна памяці, але і знак павагі гераічнасці беларускага народа. Зрэшты, беларускай гісторыі Мігель Дыяс-Канель Бермудэс прысвеціць значную частку сваёй праграмы. Акрамя афіцыйных сустрэч віцэ-прэзідэнт Кубы збіраецца пабываць у Музеі Вялікай Айчыннай вайны і падняцца на Курган Славы.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя