Беларусь і Кітай пацвярджаюць свой намер развіваць адносіны па ўсіх кірунках

1 октября 2016

Напярэдадні завяршыўся дзяржаўны візіт Прэзідэнта Беларусі ў гэтую краіну. У заключны дзень візіту Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да Помніка народным героям на плошчы Цяньаньмэнь - як своеасаблівы знак павагі тым, хто абараніў незалежнасць і суверэнітэт сваёй краіны.

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з прэм'ерам дзяржсавета. Ключавымі тэмамі сталі перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краін, у прыватнасці, тры асноўныя кірункі: інвестыцыі, гандаль і фінансы. Лі Кэцян выказаў упэўненасць, што візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы стане дадатковым магутным імпульсам для далейшага развіцця кітайска-беларускіх адносін.

Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам ВНУ, студэнтамі і адказаў на іх пытанні. Большасць з іх датычылася дыялогу Мінска і Пекіна. Кітай - адна з апор шматпалярнасці і ўстойлівасці ў свеце, - аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі. Важнай тэмай стаў сумесны праект індустрыяльны парк "Вялікі камень". Яго Кіраўнік дзяржавы назваў узорам інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Прэзідэнт заклікаў развіваць моладзевыя і студэнцкія кантакты.