Беларусь і Казахстан - вернасць партнёрству і прадукцыйнае супрацоўніцтва

28 мая 2019
Прэзідэнт Беларусі прыбыў з рабочым візітам у Казахстан. Аляксандр Лукашэнка ўжо правёў шэраг сустрэч, у тым ліку і з цяперашнім кіраўніком рэспублікі Касым-Жамартам Такаевым.

Лідары абмеркавалі адносіны дзвюх краін і пацвердзілі намеры развіваць іх у такім жа прадукцыйным і добрым ключы. Бо краіны  блізкія эканамічныя і палітычныя партнёры ўжо доўгія гады. Пра гэта сведчыць і тавараабарот. За мінулы год ён перавысіў 900 мільёнаў долараў. Рост  на 30 %. Больш за тое, сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае звыш 40 кампаній. Адзначаны і рост інвестыцый. І важна не проста захаваць тэмп адносін, але і паскорыцца  па шматлікіх пазіцыях - такая мэта двух прэзідэнтаў.

Пазней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся не проста з палітыкам, а з добрым і даўнім сябрам Нурсултанам Назарбаевым. Ранейшы кіраўнік Казахстана ўручыў беларускаму лідару аднайменны ордэн першага прэзідэнта Казахстана - дзяржаўную ўзнагароду за асаблівы ўклад у паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва паміж краінамі. Адзначым, Аляксандр Лукашэнка - першы замежны лідар, які атрымаў такую ганаровую ўзнагароду.

Ужо заўтра пройдзе саміт "еўразійскай пяцёркі", на якім партнёры па ЕАЭС звераць гадзіннікі. Удзельнікі сабраліся ў пяцігоддзе саюза нездарма. Кіраўніцтва абмяркуе прамежкавыя вынікі развіцця альянсу і вызначыць далейшыя перспектывы сумеснай працы. У першую чаргу гэта пытанні эканамічнай інтэграцыі: фарміраванне агульнага і празрыстага рынку энергарэсурсаў, ліквідацыя перашкод у мытнай сферы. І праект "інтэграцыя інтэграцый" - стварэнне адзінай, безбар'ернай для гандлю і эканомікі прасторы ад Лісабона да Уладзівастока. Ідэя, дарэчы, належыць беларускаму лідару. І ўжо па традыцыі менавіта ў маі лідары ЕАЭС зацвярджаюць асноўныя макраэканамічныя арыенціры на будучы год.