Беларусь і Казахстан маюць намер развіваць адносіны ў такім жа прадукцыйным і добрым ключы

28 мая 2019
Прэзідэнт Беларусі прыбыў з рабочым візітам у Казахстан. Аляксандр Лукашэнка ўжо правёў шэраг сустрэч, у тым ліку і з цяперашнім кіраўніком рэспублікі Касым-Жамартам Такаевым. Лідары абмеркавалі адносіны дзвюх дзяржаў і пацвердзілі намеры развіваць іх у такім жа прадукцыйным і добрым ключы. Бо краіны  блізкія гандлёвыя і прамысловыя партнёры ўжо доўгія гады.

Пазней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся не проста з палітыкам, а з добрым і даўнім сябрам Нурсултанам Назарбаевым. Ранейшы кіраўнік усходняй дзяржавы ўручыў беларускаму лідару аднайменны ордэн першага прэзідэнта Казахстана - дзяржаўную ўзнагароду за асаблівы ўклад у паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва паміж краінамі. Адзначым, Аляксандр Лукашэнка - першы замежны лідар, які атрымаў такую ганаровую ўзнагароду. Ужо заўтра адбудзецца саміт "еўразійскай пяцёркі", на якім удзельнікі аб'яднання звераць гадзіннікі і зацвердзяць эканамічныя арыенціры на будучы год.