Беларусь і Казахстан маюць намер пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва

5 октября 2013

Беларусь і Казахстан маюць намер пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і навукова-тэхнічнай сферах. Гэтую пазіцыю пацвердзілі прэзідэнты Беларусі і Казахстана - Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў на перамовах, якія напярэдадні прайшлі ў Астане. Прыярытэтнае значэнне надаецца далейшаму развіццю прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі. На пярэдні план выходзяць і пытанні павышэння эфектыўнасці працы створаных вытворчасцяў. Неабходна павялічыць лакалізацыю, пашырыць лінейкі прадукцыі, а таксама арганізаваць выпуск сумеснага беларуска-казахстанскага прадукта. Падводзячы вынікі перамоў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Казахстан павінны актывізаваць развіццё вытворчай і навукова-тэхналагічнай кааперацыі. Гэта дазволіць насыціць унутраны рынак АЭП уласным прадуктам, павысіць канкурэнтаздольнасць эканомік, стварыць новыя працоўныя месцы.


Усяго ў Казахстане Беларусь рэалізуе больш як 20 буйных праектаў, сем з іх уключаны ў дзяржпраграмы развіцця еўразійскай рэспублікі. Важным крокам у супрацоўніцтве дзвюх краін стала адкрыццё сумеснага навучальна-вытворчага цэнтра падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі інжынерных кадраў пры Казахскім агратэхнічным універсітэце. З'яўляючыся часткай казахстанска-беларускага індустрыяльнага тэхналагічнага парка, цэнтр ствараецца для сумеснага выпуску трактароў МТЗ і больш як 50 найменняў тэхнікі. У перспектыве гэты індустрыяльны парк стане вядучым цэнтрам навукі і падрыхтоўкі кадраў для сельскагаспадарчага машынабудавання Казахстана. Вынікам сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў стаў пакет падпісаных двухбаковых дакументаў. Сярод іх - дамовы ў сферы міграцыйнай палітыкі і адукацыі. Краіны заверылі і планы шматбаковага супрацоўніцтва на найбліжэйшыя гады.