Беларусь і Карэлія маюць намер актыўна ўзаемадапаўняць эканомікі дзяржаў

11 ноября 2013

Пра гэта ішла размова сёння на перамовах Прэзідэнта Беларусі з кіраўніком Рэспублікі Карэлія. Цесныя сувязі нашай краіны з расійскімі рэгіёнамі пацвярджаюцца рэальнымі фактамі - выгадныя праекты і рэгулярны рост тавараабароту. Такое супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні - зарука моцнага саюза нашай краіны з Расіяй.


Беларусь гатовая аказваць падтрымку Карэліі ў аграрным сектары і пастаўках тэхнікі. У сваю чаргу наша краіна зацікаўленая ў супрацоўніцтве па пытаннях рыбных паставак. Акрамя таго, выгадныя перспектывы адкрываюцца і ў партнёрстве ў сферы марскіх перавозак.


Аб чым дамовіліся - падрабязнасці перамоў у рэпартажы Святланы Канапацкай.

Прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў - частыя госці ў Мінску. Гэтым разам узаемадапаўняльныя інтарэсы ў Беларусі шукала дэлегацыя з Карэліі. Яе ўзначальвае губернатар Аляксандр Худзілайнен. Сустрэча з Прэзідэнтам пачалася з невялікага кур'ёзу. Губернатар трохі спатыкнуўся і зачапіў нагу Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт жартам адказаў тым жа, прымета тая, каб не пасварыцца. І ўжо сур'ёзна Аляксандр Лукашэнка гаварыў аб даўнім сяброўстве з расійскімі рэгіёнамі, аб трываласці адносін, якія сталі фундаментам высокага ўзроўню тавараабароту з Расіяй.


Карэлія сёння - гэта не толькі вядомыя свету Кіжы, Валаам, Беламорканал, але і багатая зямля з усёй табліцай Мендзялеева, дзе ёсць жалезная руда, тытан, алмазы, граніты і мармур. Гэта марскія шляхі і парты, вялізныя лясныя ўгоддзі, багатая рыбная здабыча і яшчэ шмат таго, што можа стаць рэальнымі праектамі супрацоўніцтва. Тэмы гутаркі вызначыліся адразу. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся планамі. Хацелася б, каб у рацыёне ў беларусаў было больш свежай марской рыбы. Карэлія гатовая ў гэтым дапамагчы.


Аляксандр Худзілайнен, кіраўнік Рэспублікі Карэлія Расійскай Федэрацыі: Што тычыцца рыбаразвядзення, вельмі добрая тэма, Аляксандр Рыгоравіч. Сапраўды сёння 70% фарэлі, разведзенай у РФ, гэта фарэль, вырашчаная ў Карэліі. Мы сёння дабіліся поўнага тэхналагічнага ланцужка. Калі раней мы куплялі аплодненую ікру ў той жа Фінляндыі, то сёння поўны цыкл ёсць у Карэліі.


Недахопу ў ідэях, гатовых стаць праектамі, за гэтым сталом не было. Беларусь гатовая падставіць калегам плячо ў сферы жыллёвага будаўніцтва. Карэліі спатрэбіцца не толькі беларускі вопыт праектавання і ўзвядзення жылля, але ў тым ліку інфраструктурных і сацыяльных аб'ектаў. А вось для Беларусі можа аказацца цікавай прапанова больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці Беламора-Балтыйскага канала.


Лясная галіна і праца па эфектыўным выкарыстанні драўніны - яшчэ адна агульная тэма. Губернатар Карэліі выявіў дасведчанасць. Ён ведае, як пільна Прэзідэнт сочыць за гэтай сферай. Прапаноўвае супрацоўніцтва. Да гутаркі далучаецца першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Ён прапаноўвае расіянам ацаніць беларускую тэхніку для лесанарыхтовак.


Зацікавілі расійскую дэлегацыю прапановы па сумеснай распрацоўцы запасаў торфу. Карэлія імі багатая. Беларусь гатовая дапамагчы і ў асваенні запасаў, і ў іх перапрацоўцы. Вопыт у нас ёсць. Аляксандр Лукашэнка, развіваючы тэму, гаварыў аб энергазахавальных тэхналогіях і тым эфекце, які атрымлівае беларуская эканоміка, выкарыстоўваючы мясцовыя віды паліва


Гутарка ў Прэзідэнта была зацікаўленай і прадметнай. Асноўныя кірункі супрацоўніцтва вызначыліся. Дэталёвая іх прапрацоўка - наступны этап. Аляксандр Худзілайнен - інжынер па адукацыі. Як сапраўдны тэхнар, пасля перамоў ён вывучаў пытанне на практыцы. На прадпрыемстве Амкадор расіян цікавіла тэхніка лясной гаспадаркі.


Сумесныя праекты вызначыліся і ў сферы адукацыі. Беларускія студэнты неўзабаве па абмене змогуць паехаць вучыцца ў Карэлію.


Анатоль Варонін, старшыня савета рэктараў ВНУ Рэспублікі Карэлія: Мы хацелі б наладзіць устойлівы абмен студэнтамі і выкладчыкамі нашых ВНУ. Не толькі ВНУ, якія размешчаныя ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Ужо сёння існуе супрацоўніцтва паміж нашымі ўніверсітэтамі. Напрыклад, у Петразаводску двойчы на год мы праводзім зборы самых моцных каманд свету па праграміраванні, беларуская каманда пастаянна з'яўляецца ўдзельнікам гэтых збораў. Гэта адна з наймацнейшых каманд у свеце. Нам заўсёды вельмі прыемна сустракацца з нашымі беларускімі сябрамі.


Дасягнутыя ў перамовах пагадненні замацавалі сёння ў Доме ўрада. Перамовы завяршыліся падпісаннем дакументаў, якія дапамогуць рэалізаваць вызначанае.