Беларусь і Іркуцкая вобласць павінны знайсці рэзервы для нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю

6 декабря 2016

Гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёна Сяргеем Леўчанкам. Летась бакі дасягнулі рэкорднага за 5 гадоў тавараабароту, але ў 2016-м адбылося зніжэнне. Для выхаду на ранейшыя паказчыкі Кіраўнік дзяржавы прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць беларускія тавары і тэхналогіі.

Адзначым, гэта першы візіт губернатара Іркуцкай вобласці ў нашу краіну. Але, відавочна, планы  амбіцыйныя. Праграма распісаная на 5 дзён. Госці ўжо паспелі наведаць МАЗ і  МТЗ.  Бо ў Прыангар’і на газакандэнсатных і вуглявых радовішчах патрэбная кар'ерная і грузавая тэхніка. Акрамя таго, зараз урад рэгіёна фарміруе стратэгію сацэканамразвіцця да 2030 года. У планах - давесці ўзровень жыллёвага будаўніцтва да паўтара мільёна квадратных метраў за год. Беларусь гатовая ўдзельнічаць  у гэтых праектах.

Традыцыйная частка візіту замежных дэлегацый у Беларусь - наведванне плошчы Перамогі. Ля манумента ў цэнтры Мінска сёння  ўскладзены вянок ад губернатара Іркуцкай вобласці. Гэты расійскі рэгіён, як і іншыя, у часы Вялікай Айчыннай панёс каласальныя страты. Для сібіракоў вайна стала суровым выпрабаваннем. На фронт пайшлі каля 200 тысяч жыхароў Іркуцкай вобласці, палова з іх назаўжды засталася на палях бітваў. Дарэчы, напярэдадні Сяргей Леўчанка пабываў у мінскім Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.