Беларусь і Іран маюць намер аднавіць ранейшы ўзровень эканамічнага ўзаемадзеяння

16 апреля 2014

Гэтая дамоўленасць стала, бадай, галоўнай сёння на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Сходу ісламскага савета гэтай краіны. Нас звязваюць не толькі сяброўскія адносіны, але і цесныя гандлёвыя кантакты. Сёння іранскія кампаніі інвестуюць у Беларусь больш за 700 мільёнаў долараў. Таксама планавалася сумесная здабыча нафты і газу, апрацоўка іранскіх алмазаў. Але летась тавараабарот паміж краінамі ўпаў, а рэалізацыя асобных праектаў прыпынілася.


Ці адновіць цяперашні візіт ранейшы ўзровень узаемадзеяння - аб гэтым Дар'я Белавусава-Пятроўская. Дыпламатычным адносінам Беларусі і Ірана больш за 20 гадоў. У 2010 - 2012 гадах штогадовы тавараабарот паміж краінамі перавышаў 100 мільёнаў долараў ЗША. Прычым, дамінаваў беларускі экспарт. Але ў 2013 годзе ЗША і ЕС увялі жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні Тэгерана. І эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі знізілася.


Выйсці на ранейшы ўзровень узаемнага гандлю павінен дапамагчы сённяшні афіцыйны візіт дэлегацыі Ірана ў Беларусь. На сустрэчы са старшынёй Сходу ісламскага савета Алі Ларыджані Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: у нашых краін каласальныя магчымасці. І Іран для нас заўсёды перспектыўны партнёр.


Алі Ларыджані, старшыня Сходу ісламскага савета Ірана: Усім відаць, што адносіны паміж Беларуссю і Іранам у апошні час маюць добрую дынаміку наперад. Беларусь - гэта добры сябар і партнёр. У Іране зараз новы ўрад. І я ўпэўнены, што і ўрад, і парламент Ірана працягнуць развіваць адносіны паміж краінамі ва ўсіх сферах. Паміж намі існуюць моцныя палітычныя і эканамічныя сувязі. Мы паважаем вашу стабільнасць у адносінах. І вельмі важна, каб у эканоміцы мы знайшлі новыя шляхі супрацоўніцтва.


Сёння іранскія кампаніі інвестуюць у Беларусь больш як 700 мільёнаў долараў. Сярод знакавых праектаў - будаўніцтва адразу некалькіх гасцініц, буйных гандлёва-забаўляльнага і лагістычнага цэнтраў. Апошні раскінецца на 200 тысячах квадратных метрах. Аб'ект, які ўключае 14 складоў, звышсучасны. Пяціяруснае захоўванне сэканоміць плошчы, а значыць, сур'ёзна знізіць памер арэнды і сабекошт прадукцыі. Выкананы з унікальных матэрыялаў каркас будынка гарантуе якасць захоўвання, што забяспечыць яго поўную загрузку.


Новыя сумесныя эканамічныя праекты іранская дэлегацыя сёння абмяркоўвала і ў Доме ўрада на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам, аб супрацоўніцтве міжпарламенцкім гаварылі ўжо ў Савеце Рэспублікі. Гаворка ішла і аб пашырэнні культурных сувязяў, сумесных адукацыйных праграмах. Тут ужо ёсць напрацоўкі. Напрыклад, у педагагічным універсітэце імя Максіма Танка зусім хутка адкрыецца кабінет іраназнаўства.


Перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва Алі Ларыджані сёння абмеркаваў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Гаварылі аб актывізацыі палітычнага дыялогу паміж краінамі, самых актуальных міжнародных праблемах.


Ужо ў завяршэнні дня дэлегацыя Ірана адправілася на плошчу Перамогі, дзе ўсклала кветкі да падножжа манумента - як сведчанне сяброўства і павагі да гісторыі нашай краіны.