Беларусь - Грузія: формула прымнажэння

25 марта 2018

На тыдні ўсяму свету падалі ўрок на тэму, якімі могуць быць адносіны паміж палітыкамі высокага рангу і паміж краінамі і як, калі ў цябе ёсць сапраўднае імкненне дамагчыся поспеху, за самыя кароткія тэрміны можна здзейсніць сапраўдны прарыў у рэалізацыі сумесных праектаў. А падалі гэты ўрок Аляксандр Лукашэнка і Гіоргій Маргвелашвілі - лідары Беларусі і Грузіі.

А пачалося ўсё не так даўно - у 2015 годзе падчас першага гістарычнага наведвання беларускім лідарам краю Сакартвела. Год таму Маргвелашвілі прылятаў у Мінск з візітам у адказ. І вось зараз ізноў наша чарга. У Тбілісі палітыкі правялі шматгадзінныя перамовы на некалькі раўндаў. Краіны паставілі мэту - выйсці на тавараабарот 200 мільёнаў долараў ужо сёлета. І для рэалізацыі гэтых планаў з'явілася трывалая дакументальная база.

Вялікі дадатак узаемнаму гандлю зрабілі топ-менеджары падчас грузіна-беларускага бізнес-форуму. Нашы прадпрыемствы і вядомыя брэнды падпісалі новыя кантракты. А Мінскі трактарны ў дзень сустрэчы лідараў адкрыў зборачную вытворчасць у Батумі. Характэрны факт, што паралельна ў Тбілісі прайшлі дні Мінска. Беларускія флагі на цэнтральных вуліцах і праспектах былі лепшымі паказальнікамі да месца дэгустацый беларускіх прадуктаў, прэзентацый прамысловага і турыстычнага патэнцыялу краіны.

Працягам маштабнага пакета пагадненняў і ініцыятыў, якія абмеркавалі лідары дзвюх краін, сталі перамовы ва ўрадзе. А яшчэ абавязковым пунктам, як і падчас мінулага візіту беларускага лідара, стала сустрэча з дзіўным чалавекам, да меркавання якога прыслухваюцца не толькі палітыкі і бізнесмены. Каталікоса-Патрыярха ўсяе Грузіі Ілію Другога паважае ўвесь духоўны свет.

На тыдні наш аглядальнік Ілона Красуцкая сачыла за ходам сустрэч беларускага лідара ў Тбілісі, а яе калега Вераніка Бута працавала на пляцоўцы бізнес-форуму. Усе падрабязнасці ў іх зараз.

Яны пазнаёміліся тры гады таму, і за гэты кароткі, на палітычныя меркі, час іх аб'яднала не толькі моцнае мужчынскае сяброўства. Даверны дыялог і тая самая абавязковасць, характэрная для абодвух народаў, дазволіла ажыццявіць усе пагадненні. Зрэшты, гэта ў духу беларускага лідара - вабіць да сябе людзей і трымаць адказ за кожнае абяцанае слова. Дзяліліся ўсім: тэхналогіямі, вопытам. Чаго варты толькі той факт: Маргвелашвілі стаў вырошчваць беларускую бульбу па парадзе Аляксандра Лукашэнкі. З моманту апошняй асабістай сустрэчы палітыкаў прайшло крыху больш за год, але абмен дэлегацыямі не спыняўся. Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся ў Тбілісі. Час абнаўляць спіс праектаў.

Гасцінная Грузія сустракае cонечным надвор'ем - на тыдні было +20. У Аўлабарскай рэзідэнцыі можна было сачыць анлайн за кожным крокам лідараў. Прамы эфір на старонцы Маргвелашвілі ў сацсетцы вялі памочнікі.

Прэзідэнты праводзяць два раўнды перамоў. У вузкім фармаце і з удзелам дэлегацый. А пасля падпісваюць дамову аб асновах супрацоўніцтва. У іх прысутнасці 10 дакументаў візіруюць і міністры замежных спраў, сельскай гаспадаркі, адукацыі і аховы здароўя, банкі і рэгіёны.

Палітыкі дамовіліся ўжо сёлета дасягнуць 200 мільёнаў долараў ва ўзаемным гандлі. На днях у Грузіі адкрылася першае сумеснае прадпрыемства па вытворчасці ліфтаў. Гатовыя ствараць завод і па зборцы аўтамабіляў і спецтэхнікі. А ўдзел у рэгіянальных інтэграцыйных праектах дазволіць выйсці сумеснай прадукцыі на рынкі трэціх краін. У складзе беларускай дэлегацыі ў Тбілісі прыляцеў свяціла не толькі беларускай, але і сусветнай транспланталогіі Алег Румо. Сёлета ён разам з калегамі будзе курыраваць праект трансплантацыі органаў і тканак. Пад кіраўніцтвам нашых урачоў пачнецца работа па перасадцы печані.

Агульны хронаметраж перамоў палітыкаў у першы дзень візіту склаў 4 гадзіны. А яшчэ плюс нефармальныя гутаркі. Палац Прэзідэнта Грузіі ўпрыгожвае вялікі шкляны купал, усярэдзіне - зала для ўрачыстых прыёмаў. Такую ў духу грузінскай гасціннасці сустрэчу Гіоргій Маргвелашвілі зладзіў у гонар свайго госця Аляксандра Лукашэнкі. Палітыкі змаглі цёпла пагутарыць і па-за пратаколам.

А яшчэ тут прынята адказваць на дабро падвойнай падзякай. Беларускі лідар паднёс свайму калегу (заўзятаму аграрыю) падарунак з вялікім сэнсам - трактар. Гіоргій Маргвелашвілі жыве за горадам і разам з жонкай вырошчвае гародніну на прысядзібным участку. Таму такі падарунак, напэўна, зусім хутка пакажа сябе ў справе, і нават цэламу свету. Бо грузінскі Прэзідэнт вельмі любіць дзяліцца асабістымі момантамі ў Інтэрнэце.

Беларусь і Грузію аб'ядноўвае трапяткое стаўленне да гісторыі, традыцый, гераічнага мінулага. Гэта асабліва падкрэслівала цырымонія на плошчы Герояў. Так сімвалічна пачаўся другі дзень візіту. Беларускі лідар усклаў вянок да мемарыяла героям, загінуўшым за адзінства Грузіі. На белым мармуры імёны загінуўшых у канфлікце ў пачатку 90-х.

А адразу пасля гэтага сустрэча з дзіўным чалавекам - Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі.

Аўтарытэт Іліі Другога высокі не толькі ў духоўным свеце. Патрыярх - адзін з самых паважаных і ўплывовых грамадскіх дзеячаў. Да яго слоў прыслухваюцца палітыкі, бізнесмены, а таксама абсалютная большасць грузінаў не толькі краіны, але і дыяспары па ўсёй планеце.

Яго завуць крэатыўным патрыярхам. Ілія Другі ўсё сваё служэнне дэманструе - гэта не толькі сан, але і шматбаковая асоба. Ён піша іконы. Складае музыку. Кампазіцыю свайго аўтарства "Аве Марыя" сыграў для беларускіх гасцей. На сустрэчы прысутнічаў і малодшы сын Прэзідэнта. Такім прыгожым жэстам у адказ стала выкананне Мікалаем Лукашэнкам серэнады Шуберта.

Размова пра высокае ў прамым і пераносным сэнсе працягнулася і ва ўрадзе. Кабінет грузінскага прэм'ера знаходзіцца на 11 паверсе, адкуль адкрываецца незвычайны від на славутасці Тбілісі. Спачатку невялікая экскурсія, а пасля зноў пра духоўнасць і людскасць. Летась па даручэнні Прэзідэнта Беларусі нашы ратавальнікі ліквідавалі пажар у знакамітай Баржомскай цясніне. На гэты конт у Георгія Квірыкашвілі асаблівыя словы падзякі і цэлая гісторыя, якую раней не чуў беларускі лідар.

Падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры і на гэтай аснове развіваць тавараабарот, прасоўваць цесную прамысловую кааперацыю і буйныя інвестпраекты - вось пра што дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Георгій Квірыкашвілі. Бо Кабінет міністраў Грузіі - гэта яшчэ адна палітычная сіла ў краіне. А пасля яны таксама вырашаць пагутарыць па-за кабінетам. Адправіліся за 20 км ад Тбілісі - у горад Мцхета. Гэта старажытная сталіца і галоўная святыня Грузіі. Для беларускага Прэзідэнта зладзілі гастранамічны майстар-клас з дэгустацыяй традыцыйных грузінскіх страў.

Два дні візіту. Больш за дзясятак сустрэч. Шматгадзінныя, але самае галоўнае - плённыя перамовы. У аэрапорце Тбілісі Аляксандра Лукашэнку праводзіў Прэзідэнт Грузіі. У перакладзе з мовы дыпламатыі гэта значыць "адносіны краін перажываюць лепшы час у гісторыі".

Калі адбудзецца іх наступная асабістая сустрэча і ў якім статусе, пакуль невядома. У кастрычніку ў Грузіі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Але цяперашні лідар пакуль не вырашыў, ці будзе балатавацца на другі тэрмін. У любым выпадку хвалявацца за тое, што гэта адаб'ецца на двухбаковых адносінах, не варта. Трывалы падмурак закладзены. А праца толькі ўзмацніцца. У наступным годзе ў краін дыпламатычны юбілей - адносінам чвэрць стагоддзя.