Беларусь гатова зрабіць свой уклад у развіццё Прыморскага края

16 июля 2019

І ў цэлым закрытых тэм у супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі няма. Наконт гэтага ішла размова сёння на сустрэчы Прэзідэнта з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам. Вялікая дэлегацыя гэтага рэгіёна знаходзіцца ў Мінску. Сам Кажамяка быў у нас неаднаразова, калі працаваў на чале Амурскай і Сахалінскай абласцей. На пасадзе губернатара Прымор'я зноў прыехаў разам з прадстаўнікамі ўлады і бізнесу края. На сённяшняй сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка адзначыў асабісты ўклад Кажамякі ў развіццё дыялогу паміж нашымі краінамі. За даверны і канструктыўны характар узаемадзеяння з Беларуссю, за ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва губернатар Прымор'я ўдастоены высокай узнагароды - Прэзідэнт уручыў яму ордэн Пашаны.

Кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў - частыя госці ў Беларусі. І час паказвае, што гэта прадукцыйны і запатрабаваны фармат сумеснай работы. У праграме цяперашняга візіту дэлегацыі - агракамбінаты і машынабудаўнічыя прадпрыемствы. Перспектыўныя сферы супрацоўніцтва - ад АПК да прамысловага сектара.

Прыморскі край - перспектыўны партнёр для Мінска на Далёкім Усходзе. Беларусь можа значна нарасціць пастаўкі харчавання ў гэты рэгіён. Аграрыі гатовы падключыцца да праграм развіцця сельскай гаспадаркі края. Ёсць прыклады паспяховых праектаў будаўніцтва малочна-таварных комплексаў і аграгарадкоў на Сахаліне.

Беларускі вопыт, тэхналогіі і навуковыя распрацоўкі будуць дарэчы ў рэгіёне, багатым ляснымі рэсурсамі і карыснымі выкапнямі. Запатрабаваная і наша тэхніка. У планах сур'ёзна павялічыць пастаўкі БелАЗаў. Акрамя кар'ерных самазвалаў Беларусь можа забяспечыць патрэбнасці рэгіёна ў дарожна-будаўнічых і лесанарыхтоўчых машынах. Плюс гарадскі электрычны транспарт. Дамовіліся, што ўсе дэталі абмяркуюць рабочыя групы рэгіёнаў. Па выніках візіту вызначацца з дарожнай картай супрацоўніцтва.