Беларусь гатовая зрабіць свой уклад у развіццё Прыморскага краю

16 июля 2019
І ў цэлым у супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі няма закрытых тэм. Такія важныя акцэнты прагучалі ў Мінску на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з губернатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам. Так супала - візіт дэлегацыі прыпаў як раз на пачатак піцерскага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. І тут відавочна: без цеснага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Мінск і Масква наўрад ці б мелі сёння такія блізкія саюзніцкія адносіны. Чым мацнейшая кааперацыя і кантакты, тым больш устойлівая эканоміка. І пацверджанне таму - развіццё агульнай эканомікі, у тым ліку і з далёкім Прыморскім краем. Аб узаемнай цікавасці і перспектыўных сферах супрацоўніцтва рэпартаж Наталлі Брэвус. 

Калі ў нас толькі разгар рабочага дня, у гэтым горадзе Расіі ўжо вячэраюць. Тут жартуюць, што і прачынаюцца раней за ўсіх. Мінск і Уладзівасток падзяляюць некалькі гадзінных паясоў і амаль 10 тысяч кіламетраў. Але адлегласць не перашкода - як любяць гаварыць журналісты, калі ёсць шчырае жаданне працаваць разам на агульную выгаду. І праўда, такія сустрэчы, калі адно да аднаго рукой падаць, вельмі важныя. І ўспрымаюцца прамыслоўцамі, аграрыямі і бізнесам як асаблівы знак. Той самы імпульс, якога часам так не хапае двухбаковай эканоміцы.

Алег Кажамяка ў Беларусі бываў не раз, узначальваючы спачатку і Амурскую, і Сахалінскую вобласць. Прыязджае з зайздроснай рэгулярнасцю. Стаўшы кіраўніком Прыморскага краю, а для яго гэта, па сутнасці, вяртанне на малую радзіму - пайшоў правераным шляхам. Зноў прыехаў у Мінск і прывёз з сабою вялікую дэлегацыю. Што дарэчы. Эканоміка з гэтым рэгіёнам не вельмі радуе, лічбы сціплыя, а Прыморскі край - перспектыўны партнёр.

Заўважана, што ўзровень супрацоўніцтва Беларусі з рэгіёнамі Расіі мяняецца ў лепшы бок па меры таго, як Алег Кажамяка ўзначальвае чарговую вобласць. Невыпадкова гавораць: усё залежыць ад чалавека і кіраўніка. Таму сустрэча ў Прэзідэнта пачынаецца не з гутаркі аб справах, а з урачыстага моманту. За ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй губернатар удастоены высокай узнагароды - ордэна Пашаны. Узнагароджванне Алега Кажамякі прайшло ў прысутнасці сям'і - у зале яго жонка і дзеці. Дарэчы, карані ў расійскага губернатара беларускія. Такая асабістая гісторыя, звязаная з Беларуссю, зусім не рэдкасць для жыхароў яго роднага рэгіёна. 

Уладзівасток завуць ціхаакіянскімі варотамі Расіі. Гэта буйны эканамічны цэнтр Далёкаўсходняга рэгіёна. Вядома, такія краіны, як Кітай, Японія, Карэі куды бліжэйшыя. Але шматлікія кааперацыйныя сувязі ў нас захаваліся яшчэ з савецкіх часоў. Гэтым трэба карыстацца! Дагэтуль тут, напрыклад, вялікі попыт на нашу тэхніку. Добра сябе зарэкамендавала ва ўмовах капрызнога прыморскага надвор'я. Мікалай Лемяшэўскі - кіраўнік мясцовай гаспадаркі - не пашкадаваў, што ў перыяд нарыхтоўкі кармоў стаўку зрабіў менавіта на беларускія машыны. 

 Што датычыцца развіцця агульнай эканомікі з Прыморскім краем, то перспектыўныя сферы супрацоўніцтва - ад АПК да прамысловасці. Гэта зразумела і па праграме візіту дэлегацыі. 

Што ўжо сапраўды ў планах - так гэта павялічыць пастаўкі харчавання ў рэгіён. Беларусь можа, а Прыморскі край хоча. Нашы малочныя і мясныя брэнды палюбіліся жыхарам на краі Еўразійскага кантынента, таму вырашана развіваць гандлёвыя дамы, якія зробяць доступ да тавараў простым і зручным. Як гаворыцца, без пасрэднікаў і касмічных нацэнак. Нашы аграрыі гатовыя падключыцца да праграм развіцця сельскай гаспадаркі краю. Кажамяка нават заяўляў, што калі брацца за бульбаводства - гэта трэба павучыцца ў беларусаў, як вырошчваць другі хлеб.

Ужо ёсць і прыклады паспяховых праектаў будаўніцтва малочнатаварных комплексаў і аграгарадкоў на Сахаліне. 

Беларускі вопыт, тэхналогіі, навуковыя напрацоўкі дазволяць уключыцца ў інфраструктурныя праекты ў краі - будаўніцтва мастоў і дарог. Да саміту АТЭС яе прыкметна падцягнулі, але трэба і далей.  Вельмі дарэчы ў рэгіёне, багатым ляснымі рэсурсамі (а гэта 80 % тэрыторыі)  і карыснымі выкапнямі, будзе наша тэхніка. У планах сур'ёзна павялічыць пастаўкі БелАЗаў. Тым больш,   што пачалася здабыча вугалю на Ільічэўскім  радовішчы. Апроч кар'ернай тэхнікі,  Беларусь можа забяспечыць патрэбнасці рэгіёна ў дарожна-будаўнічых і лесанарыхтоўчых машынах. Плюс гарадскі электрычны транспарт.

Ну а ў надзейнасці беларускіх машын расійскі госць змог упэўніцца асабіста. Невялікі тэст-драйв на Мінскім аўтамабільным самых хадавых і запатрабаваных мадэляў грузавікоў - седлавыя цягачы экалагічнага класа. Улічваючы спецыфіку рэгіёна,  гэтая тэхніка можа быць запатрабаваная на распрацоўцы карысных выкапняў і здабычы драўніны. Прадпрыемства ўжо пастаўляе ў рэгіён тэхніку рознага прызначэння - ад камунальнага да гарадскога транспарту. Гатовыя працаваць і пад заказ. Ва Уладзівастоку функцыянуе дылерскі цэнтр, які забяспечвае поўнае гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўванне беларускіх МАЗаў. 

Дамовіліся, што ўсе дэталі кантактаў абмяркуюць рабочыя групы рэгіёнаў. З беларускага боку ёй будзе кіраваць губернатар Магілёўшчыны Леанід Заяц. Па выніках цяперашняга візіту вызначацца з дарожнай картай супрацоўніцтва. Яна павінна атрымацца грунтоўнай, бо расіяне сур'ёзна настроены  па максімуме выкарыстаць беларускія магчымасці. Прыморскі край  развіваецца, гэта сёння сур'ёзны лагістычны хаб - тут засяроджаны незамярзальныя парты і вялікі суднабудаўнічы комплекс. Патрэбныя - тэхналогіі, кадры і абсталяванне. Каб заставацца ўсходнім фарпостам у развіцці Расіі. 

Пра тое, што перспектыўным кірункам супрацоўніцтва Беларусі і Прыморскага краю можа стаць і IT-галіна, гаварылі ва ўрадзе. Таксама бакі абмеркавалі развіццё лічбавай эканомікі і транзітнага патэнцыялу расійскага рэгіёна. 

Наогул кіраўнікі расійскіх абласцей - частыя госці ў Беларусі. Толькі летась на рэгіянальным кірунку было каля 2 сотняў узаемных візітаў дэлегацый. Што гэта дае? Больш цесныя сувязі паміж людзьмі і ў эканоміцы. І час паказвае, што стаўка на развіццё рэгіянальных сувязяў  апынулася эфектыўнай і запатрабаванай. Можа быць і таму,  нават нягледзячы на плённыя перамовы  ў Мінску,  губернатар Прыморскага краю вырашыў ні ў якім разе не прапускаць піцерскі форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. 

Няма сумнення, што кантакты з далёкім Прыморскім краем  пасля такога візіту ўжо сапраўды ажывяцца. Хтосьці скажа,  што гэта кропля ў моры. Але вялікае складаецца з малога. Менавіта так кропля за кропляй, крок за крокам, пачынаючы  з сярэдзіны 90-ых, выстройвалі  сувязі з кожным рэгіёнам, з кожнай вобласцю, каб у выніку дадаваў і ўвесь беларуска-расійскі гандаль. І пазітыўныя змены ў гэтай сувязі адчувалі людзі і ў нас, і ў Расіі.