Беларусь гатовая разглядаць любыя новыя ідэі і праекты з боку замежных партнёраў

25 января 2016

Беларусь гатовая разглядаць любыя новыя ідэі і праекты з боку замежных партнёраў. Гэта заявіў Прэзідэнт, прымаючы даверчыя граматы замежных паслоў. Цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці. У пачатку года выконваць свае дыпламатычныя абавязкі ў нашай краіне пачынаюць прадстаўнікі дзесяці дзяржаў. Гэта пасланнікі Аўстрыі, Албаніі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, КНДР, Індыі, Перу, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Сьера-Леонэ і Швейцарыі. Звяртаючыся да паслоў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для плённага выканання іх дыпламатычнай місіі ў Беларусі будуць створаныя самыя спрыяльныя ўмовы. Прычым акцэнт будзе зроблены на так званай эканамічнай дыпламатыі.

Пра яе асаблівасці і пра тонкасці дыппратаколу рэпартаж Наталлі Брэус. Сустрэчу з журналістамі кіраўнік дыпмісіі Аўстрыі прызначае ў цэнтры Мінска. Яшчэ не быўшы паслом, яму давялося два гады папрацаваць у Беларусі. За гэты час з'явіліся любімыя мясціны для пешых прагулак. Адна з іх - стары горад.

За апошнія гады Аўстрыя стала адным з асноўных інвестараў у беларускую эканоміку. Бізнес падцягвае і палітыку. І вось ужо нягледзячы на тое што сёння многім прыходзіцца зацягваць паясы, разважлівыя аўстрыйцы закрываюць дыппрадстаўніцтвы ў Прыбалтыцы, а адкрываюць пасольства ў Мінску і называюць Беларусь адным са стратэгічных месцаў. Прагрэсу ў адносінах паспрыяла і знакавая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Аўстрыі, што прайшла ў верасні ў Нью-Ёрку.

Сёння спадар Баерль стаў адным з дзесяці паслоў, якія ўзнімаліся па прыступках заснежанага Палаца Незалежнасці. Гэта быў у прамым сэнсе парад кантынентаў. Дыпламаты з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Кожны з іх прыбыў у Мінск, каб уручыць беларускаму Прэзідэнту даверчую грамату. Гэта па сутнасці пасведчанне дыпламата, якое пацвярджае яго паўнамоцтвы. Толькі, пачынаючы працаваць, замежныя паслы не атрымліваюць дакумент, а наадварот здаюць яго. Вось такая традыцыя.

Уручэнне даверчых грамат - самая лаканічная і строгая цырымонія ў дыппратаколе. Невыпадкова яе праводзяць у зале, дзе няма нічога лішняга. У сваёй знешняй палітыцы Беларусь пазбягае ўсялякіх вострых вуглоў, робіць стаўку выключна на дыялог.

Новы пасланнік афіцыйнага Лондана - Фіёна Гіб. Працавала ў Германіі, Украіне, Самалі, Іраку, Емене. Да прызначэння ў Мінск курыравала ў брытанскім МЗС праекты ў палітыцы і культуры, а таксама ў сферы бяспекі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пераадолець нейкую псіхалагічную мяжу ў адносінах Беларусі і Вялікабрытаніі і паглядзець адно на аднаго па-новаму. Усё-такі краіна з 2014 года ў чацвёрцы гандлёвых партнёраў Беларусі. Першае, што кінулася ў вочы дыпламату, - гэта заснежаны Мінск.

Зрэшты, і на Беларусь ужо глядзяць у свеце зусім па-іншаму. За актыўнасць па вырашэнні ўкраінскага канфлікту заслужыла краіна рэпутацыю добрага суседа і надзейнага партнёра. Сёння мы гатовыя супрацоўнічаць па пытаннях бяспекі і з Еўропай, і са Злучанымі Штатамі.

У пачатку 2016-га, якраз, калі абмяркоўваюцца планы на год, выконваць свае дыпламатычныя абавязкі ў нашай краіне пачынаюць таксама пасланнікі Албаніі, Венесуэлы, КНДР, Індыі, Перу, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Сьера-Леонэ і Швейцарыі. Перыядычна ў замежным дыпкорпусе праходзіць ратацыя. Звяртаючыся да пасланнікаў краін, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на так званай эканамічнай дыпламатыі.

Ключавым партнёрам у Паўднёвай Азіі для Беларусі з'яўляецца Індыя. Мільярдны рынак і вялікая эканоміка, якая расце. Новаму паслу трэба будзе папрацаваць для рэалізацыі дарожнай карты краін. Яе падпісалі падчас чэрвеньскага візіту Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы ў Мінск.

Панкадж Саксена, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь: "Мы разлічваем, што эканамічныя адносіны будуць больш актыўныя, асабліва ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Тавараабарот крыху больш за 400 мільёнаў долараў не адпавядае нашаму патэнцыялу. Індыя сёння развіваецца, і Беларусь можа паўдзельнічаць у гэтым працэсе і ў нашых праектах".

Ужо пасля цырымоніі, звяртаючыся да прадстаўніка Індыі, Аляксандр Лукашэнка гаварыў аб неабходнасці падтрымання спакойнага становішча ў азіяцкім рэгіёне.

Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з кіраўнікамі дыпмісій - вітаў гасцей сімвалічным бакалам шампанскага. Прэзідэнт выказаў надзею, што прызначэнне ў Беларусь стане прыкметнай прыступкай у іх дыпламатычнай кар'еры, а намаганні пасланнікаў замежных дзяржаў пойдуць на карысць двухбаковаму супрацоўніцтву з Беларуссю.

Невялікая аўдыенцыя для кожнага дыпламата. З прадстаўніком Перу гаварылі наконт магчымасці паставак нашай тэхнікі ў Лацінскую Амерыку, якая зарэкамендавала сябе там яшчэ з савецкіх часоў. З візітам у Мінску гатовыя прыняць і венесуэльскага лідара Мадура, і прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Было прыкметна, што і афіцыйны Мінск, і паслы настроеныя на працу. Старт іх дыпламатычнай місіі ў Беларусі адзначылі і міні-флагі краін на капотах аўтамабіляў. Адразу відаць, хто якую дзяржаву прадстаўляе. А падчас знаходжання дыпламатам трэба будзе знайсці новыя фарматы для выгаднага супрацоўніцтва.