Беларусь гатовая пашыраць супрацоўніцтва з Узбекістанам у эканамічным кірунку

1 августа 2019
Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас перамоў з Шаўкатам Мірзіёевым. Кіраўнік сярэднеазіяцкай рэспублікі вось ужо другі дзень знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі. Сустрэчы ў Палацы Незалежнасці папярэднічала традыцыйная ўрачыстая цырымонія з удзелам роты ганаровай варты. Прагучалі гімны дзвюх краін.

Прадстаўнічая дэлегацыя з Узбекістана нацэленая на глабальнае пашырэнне супрацоўніцтва. І беларускаму боку ёсць што прапанаваць. Задача - нарасціць тавараабарот са стратэгічным партнёрам у Цэнтральнай Азіі да мільярда долараў. Тэмп добры: усяго за два гады краіны змаглі цалкам абнавіць адносіны. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі не толькі сумесныя праекты і патэнцыял у прамысловым сектары. Ключавым фактарам паглыблення кааперацыі можа стаць рэгіянальнае супрацоўніцтва.

Нагадаем, што афіцыйным перамовам учора папярэднічала сустрэча двух лідараў у дзяржаўнай рэзідэнцыі "Заслаўе". У нефармальнай атмасферы Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў абмяняліся падарункамі і пагутарылі, дарэчы, у альтанцы, якую ўзбекскі лідар прэзентаваў Кіраўніку дзяржавы летась падчас яго візіту ў Ташкент у верасні.

Тады ж супрацоўніцтва Мінска і Ташкента прыкметна актывізавалася. Падпісалі мноства кантрактаў, актыўна ў сярэднеазіяцкай рэспубліцы развіваецца сумесная вытворчасць "Амкадор" і прадстаўніцтвы іншых буйных прамысловых гігантаў Беларусі. За 2018 тавараабарот паміж нашымі краінамі склаў амаль 160 мільёнаў долараў. 

Аднак ужо сёлета эксперты бачаць больш важкую лічбу - каля паўмільярда. У гэтым здольны значна дапамагчы і І Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, які прайшоў у Мінску: бакі падпісалі 26 новых дамоўленасцяў. Зацікаўлены Ташкент і ў нашай IT-галіне: чакаецца, што пасля афіцыйных перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам Шаўкат Мірзіёеў наведае Парк высокіх тэхналогій.