Беларусь гатовая правесці на самым высокім узроўні Другія Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе

22 октября 2016

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Гістарычнае рашэнне аб правядзенні Еўрапейскіх гульняў у Беларусі па выніках галасавання прынята ў Мінску. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што акцэнт пры правядзенні гэтых маштабных міжнародных спаборніцтваў будзе зроблены на душэўнасці і стварэнні камфортных умоў для спартсменаў і балельшчыкаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створаныя ўсе ўмовы для правядзення міжнародных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Краіна паспяхова прымала сусветныя першынствы. Наяўнасць поўнай інфраструктуры для арганізацыі сусветных спартыўных спаборніцтваў і ўпэўненасць у тым, што Беларусь зладзіцца з правядзеннем Другіх Еўрапейскіх гульняў на належным узроўні, засведчылі самыя ўплывовыя функцыянеры спорту.

Адбылося і некалькі двухбаковых сустрэч. Так, падчас гутаркі з выконваючым абавязкі кіраўніка Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка атрымаў запэўненні ад Янеза Качыянчыча ў тым, што спаборніцтвы стануць кваліфікацыйным этапам перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіа. На сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам НАК Азербайджана Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мінск мае намер скарыстацца вопытам Баку, які прымаў Першыя Еўрапейскія гульні летась. На падтрымку і актыўнае ўзаемадзеянне Беларусь разлічвае і ад Алімпійскага савета Азіі. Гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на перамовах з кіраўніком асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў.