Беларусь гатовая аказаць Амурскай вобласці дапамогу для аднаўлення пасля паводкі

3 февраля 2014

Гэта асабліва адзначыў сёння Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёну. У нашай краіны з Амурскай вобласцю цесныя партнёрскія сувязі, якія не абмяжоўваюцца толькі ўзаемным гандлем і прамысловай кааперацыяй. Нагадаем, летась рэгіён моцна пацярпеў ад паводкі. Пад вадой аказаліся больш за сотню населеных пунктаў.


Сёння расійскія госці дзякавалі за падтрымку і заявілі аб жаданні пашыраць супрацоўніцтва па ўсіх кірунках. І калі Амурская вобласць надае асаблівую ўвагу нашым тэхналогіям, напрыклад, у сельскай гаспадарцы і будаўніцтве, то беларусы зацікаўленыя ва ўмацаванні эканамічнай прысутнасці на Далёкім Усходзе Расіі.


За сустрэчай сачыла Алеся Высоцкая.


Гэта вераснёвыя кадры мінулага года. Амурская вобласць перажывае найбуйнейшую за 115 гадоў паводку. Затоплена сёмая частка тэрыторыі, уключаючы больш за сотню населеных пунктаў. Разбураны дарогі і масты. Нанесены каласальны ўдар па сельскай гаспадарцы. У такія цяжкія хвіліны патрэбныя верныя сябры і партнёры.


Беларусь накіравала некалькі партый гуманітарнай дапамогі. І сёння гатовая дапамагчы і тэхнікай, і тэхналогіямі ў розных галінах, каб Амурская вобласць зноў стала на цвёрдую зямлю.


Алег Кажамяка - губернатар Амурскай вобласці - у Мінску госць часты. З Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам ужо чацвёрты раз сустракаецца асабіста. Галоўнай тэмай перагавораў заўсёды было эканамічнае супрацоўніцтва - тавараабарот расце. Але на гэты раз тон гутарцы задала як раз паводка, хоць і яна зараз напрамую закранае эканоміку.


Па мінулым годзе тавараабарот паміж гэтым расійскім рэгіёнам і Беларуссю склаў больш як 45 мільёнаў долараў, у асноўным за кошт экспарту беларускіх тавараў. Аснову паставак у Амурскую вобласць склалі машыны і механізмы для ўборкі і малацьбы сельскагаспадарчых культур, малако, трактары, шыны.


Зразумела, што на аб'ёмах адбілася паводка. У рэгіёне з развітой гарнаруднай прамысловасцю, другім у Расіі па здабычы золата, затоплены, напрыклад, усе кар'еры. Зараз ідзе актыўнае аднаўленне і тут, і ў іншых галінах. Беларуская тэхніка будзе дарэчы, тым больш, што ў Прыамур'і яна паспяхова канкуруе з сусветнымі брэндамі.


Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні эканамічнай прысутнасці на Далёкім Усходзе. І Амурская вобласць можа стаць базавай. Два гады таму тут сталі збіраць беларускія камбайны, зернеўборачныя машыны. А летась сталі выпускаць і энерганасычаныя трактары Беларус. Наша тэхніка працуе на будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната і нават касмадрома. Зараз у Прыамур'і маюць патрэбу і ў беларускіх тэхналогіях.


Што датычыцца наступстваў паводкі, то Беларусь гатова таксама будаваць новыя пасёлкі. Прапаноўваюцца ўсе стадыі праектавання дамоў пад ключ. Больш за тое, расіянам цікава не проста будаўніцтва жылых дамоў у новых пасёлках, але і сацыяльнай інфраструктуры. У Амурскай вобласці ведаюць аб беларускім вопыце сацыяльных стандартаў на сяле.


Кірунак новы ў партнёрстве Беларусі і Прыамур'я - лес. Пакуль у галіны справы ідуць не вельмі, уладам прыходзіцца змагацца з вывазам сыравіны. І тут чакаюць надзейных партнёраў, гатовых не проста валіць лес, а ствараць вытворчасці, атрымліваць высокі дабаўлены кошт на перапрацоўцы і пасля зарабляць валюту на экспарце.


У Амурскай вобласці таксама запатрабавана малако. Беларусь можа і пастаўляць прадукцыю, і будаваць малочна-таварныя комплексы і заводы.


Беларускія прадукты - гэта брэнд, - зазначыў Алег Кажамяка. І асабісты камплімент накіраваў у адрас беларускіх малочнікаў і пекараў. Прызнаўся: па прыездзе ў Мінск папрасіў у нумар беларускага малака і хлеба. А дахаты з кожнай паездкі заўсёды вязе мясныя дэлікатэсы.


Азначыўшы ў Прэзідэнта кірункі стратэгічныя, дэлегацыя Амурскай вобласці адправілася замацоўваць сказанае на практыцы. У гасцей вялікія планы. Пра іх гаварылі, напрыклад, падчас наведвання Мінскага трактарнага завода. Па просьбе далёкаўсходніх партнёраў беларускія канструктары стварылі трактар, які цалкам адказвае запатрабаванням рэгіёну. Ёсць навінкі і для фермераў.


За эканомікай не забыліся сёння і пра духоўнае. Вянок ад расійскай дэлегацыі лёг да Вечнага агню на плошчы Перамогі.


Расійскія госці застануцца ў Беларусі да чацвярга. У праграме яшчэ наведванне шэрагу прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а таксама перагаворы ў Мінпраме і ўрадзе.