Беларусь гатова да правядзення самых буйных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы: этапа Брыльянтавай лігі, чэмпіянату Еўропы і нават свету

9 сентября 2019

Наконт гэтага ў Палацы Незалежнасці сёння гаварылі Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьян Коэ і кіраўнік Еўрапейскай лёгкаатлетычнай федэрацыі Свен Арнэ Хансен. Сустрэча прайшла напярэдадні гістарычнага матча Еўропа - ЗША, адкрыццё якога адбудзецца ўжо гэтым вечарам. У сваю чаргу Кіраўнік дзяржавы выказаў гасцям падзяку за давер і магчымасць нашай краіне правесці такую буйную спартыўную падзею, успомніў лёгкаатлетычную бітву паміж СССР і ЗША, якая праходзіла ў Мінску ў 1973 годзе, і паабяцаў, што калі Беларусі даручаць іншыя буйныя турніры, то спартыўныя чыноўнікі аб гэтым не пашкадуюць.

Себасцьян Коэ,  кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый: "Я упэўнены, што Вы як лідар дзяржавы, сусветны лідар падзеліце мой пункт погляду аб тым, што спорт дапамагае будаваць масты паміж нацыямі. Нават у самыя складаныя  часы. Тут мы  адчуваем сябе як дома. Мы вельмі ўдзячныя за тое, што вы дазволілі нам прадэманстраваць усё лепшае, што ёсць у спорце тут на працягу двух дзён, якія нас чакаюць".

Таксама абмяркоўвалася стварэнне рэгіянальнага цэнтра па лёгкай атлетыцы, які дазволіць рыхтавацца ў Беларусі спартсменам сусветнага ўзроўню. Свен Арнэ Хансен анансаваў магчымае правядзенне ў нашай краіне і іншых міжнародных стартаў. Раней Беларусь атрымала права на камандны чэмпіянат Еўропы ў 2021-м. Таксама наша краіна прэтэндуе на юнацкі чэмпіянат Старога Свету  ў 2022 годзе  і  дарослы ў 2024.

Свен Арнэ Хансен,  кіраўнік Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі: "Ёсць невялікі сакрэт, які мы абмяркоўвалі з прэзідэнтам. Я не буду яго раскрываць, але ў перспектыве нас чакае вельмі цікавая навіна. Таксама мы гаварылі аб правядзенні ў Мінску чэмпіянату Еўропы 2024 года. Беларусь з'яўляецца кандыдатам нараўне з Італіяй і Польшчай. Мы разгледзім усіх прэтэндэнтаў, але магу сказаць, што ў вас ёсць адзін вельмі заўзяты прыхільнік".

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падарыў гасцям па эксклюзіўным наборы шакаладу. У сваю чаргу Кіраўніку дзяржавы ўручылі традыцыйны швейцарскі звон. Не  выпадкова - штаб-кватэра Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі  знаходзіцца ў швейцарскай Лазане.