Беларусь гатовая больш актыўна развіваць адносіны з Вялікабрытаніяй

8 августа 2019

Прэзідэнт учора сустрэўся з паслом гэтай краіны. Дыпламатычная місія Фіёны Гіб завяршаецца. Тры з паловай гады яна прадстаўляла ў Беларусі інтарэсы афіцыйнага Лондана. За гэты час кантакты паміж дзяржавамі прыкметна ажывіліся. Актывізаваліся адносіны і ў палітыцы, і ў эканоміцы. Пачаліся візіты афіцыйных асоб - ад прадстаўнікоў каралеўскай сям'і да дзяржміністра па гандлёвай палітыцы, які быў у нас у чэрвені. З візітамі ў Брытаніі пабывалі кіраўнікі беларускага МЗС і ўрада. Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць плённага ўзаемадзеяння Беларусі з ключавымі сусветнымі цэнтрамі сілы.

Цікавасць Лондана да Мінска расце. Ёсць жаданне дыверсіфікаваць эканамічныя сувязі. Ацанілі брытанцы і ролю Беларусі ў наладжванні дыялогу ў рэгіёне. Якраз зараз у Брытаніі сфарміраваны новы ўрад на чале з прэм'ерам Джонсанам. Прэзідэнт Беларусі заклікаў не губляць часу і вызначацца з новымі кірункамі супрацоўніцтва для Мінска і Лондана. І Фіёна Гіб заклікае ўлічваць важную геапалітычную ролю Беларусі ў Еўропе.

Фіёна Гіб плануе працягнуць сваю кар'еру ў Лондане ў МЗС Вялікабрытаніі. Яна падкрэсліла, што супрацоўніцтва з Беларуссю развіваецца пазітыўна, ёсць і вялікі патэнцыял на будучыню. На памяць аб рабоце ў нашай краіне яна павязе кнігі, лён і карціны. І, вядома, эксклюзіўны шакалад - падарунак ад Кіраўніка дзяржавы.