Беларусь - Германія. Вынікі супрацоўніцтва Прэзідэнт абмеркаваў з германскім паслом

13 мая 2019

Пра вынікі двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Германіі сёння ішла размова ў Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з паслом гэтай краіны: Петэр Дэтмар завяршае сваю дыпламатычную місію. У апошнія гады ў адносінах Мінска і Берліна прыкметна актывізаваліся кантакты, асабліва на палітычным узроўні. Прэзідэнт дадатна ацэньвае ўклад Германіі ў нармалізацыю адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Мінулы год стаў дзейсным для краін і ў эканоміцы: цікавасць германскага бізнесу да нашай краіны ўвесь час расце. З падрабязнасцямі сустрэчы - Наталля Брэвус

З якой бы краіны ні прыбыў пасол, яго галоўная задача - зрабіць так, каб кантакты паміж дзяржавамі сталі больш цеснымі, а супрацоўніцтва - больш актыўным і, вядома, узаемавыгадным. У гэтым сэнсе ў Петэра Дэтмара ўсё атрымалася. І ён можа з чыстым сумленнем сказаць: місія выкананая. 

Значная частка дыпламатычнай кар'еры цяперашняга пасла Германіі была звязаная з Беларуссю. У агульнай складанасці ён правёў у краіне больш за восем гадоў. Працаваў спачатку ў рангу саветніка, потым вярнуўся ўзначаліць пасольства. Але місія завяршаецца. Гэта падстава акінуць позіркам двухбаковыя адносіны. 

2018 год стаў паспяховым для Беларусі і Германіі. Не толькі з-за ўздыму ў эканамічных адносінах, але з-за прагрэсу ў палітычнай сферы. Бо перыяды былі розныя. Але ўсё ж, пасля таго як у 2016 прагматычная Германія падтрымала рашэнні аб скасаванні большасці антыбеларускіх абмежавальных мер ЕС, размаўляць стала прасцей. А Аляксандр Лукашэнка ва ўласцівай яму манеры адкрытасці не стаў хавацца за дыпламатычнымі фармулёўкамі, раней так і сказаў: давайце здымаць і нябачныя эканамічныя перашкоды, якія не дапамагаюць нашаму супрацоўніцтву. І судзячы па лічбах, у Еўропе яго пачулі. 

Высокатэхналагічная Германія ў пяцёрцы найважнейшых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі. Агульны тавараабарот стабільна павялічваецца апошнія некалькі гадоў. Прыкметна выраслі інвестыцыі гэтай краіны ў беларускую эканоміку. 

Сур'ёзныя кампаніі ствараюць у нас свае вытворчыя пляцоўкі, у тым ліку ў індустрыяльным парку "Вялікі камень". Канцэрн "Дуйспорт", напрыклад, лагістычны аператар найбуйнейшага рачнога порта Еўропы, дальнабачна не стаў марудзіць і ўвайшоў у склад акцыянераў кампаніі па развіцці парка. Амаль сотню прадстаўніцтваў адкрылі ў нас нямецкія фірмы. У Беларусі зарэгістравана больш за 300 прадпрыемстваў з удзелам германскага капіталу – галоўным чынам у прамысловасці, транспарце, АПК, гандлі. Цікавасць бізнесу толькі расце. Гэта зразумела і па чарадзе візітаў, якія прызначаныя на лета і восень. 

Петэр Дэтмар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі:

"Беларусь плануюць наведаць зямельны міністр па пытаннях транспарту з Гамбурга, кіраўніцтва Федэральнага саюза малога і сярэдняга бізнесу Германіі, якое аб'ядноўвае больш за 55 тыс. нямецкіх кампаній і прадстаўляе інтарэсы каля 10 млн працаўнікоў. Чакаецца таксама візіт дзяржаўнага сакратара Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі. Яны маюць намер правесці перамовы на ўзроўні міністэрстваў, бізнес-супольнасцяў, наведаць парк "Вялікі камень". Як бачыце, мы не сядзім без справы, імкнемся прыкладаць усе высілкі, каб практычна развіваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны. Гэтая пазітыўная дынаміка магла ўзнікнуць і ўзмацніцца толькі дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню, супрацоўніцтву з урадам Беларусі". 

"Надышоў час паглядзець на Беларусь як суверэнную дзяржаву з уласным мінулым, сучаснасцю і будучыняй". Менавіта гэтым пасылам, выказаным прэзідэнтам Германіі Штайнмаерам, кіруецца ўрад і пасольства ў развіцці адносін з Беларуссю ў самых розных сферах. А сам пасол забярэ з нашай краіны галоўнае - гэта сяброўскія кантакты, цяпло сотняў сустрэч і гасціннасць нашых людзей, менавіта гэта застанецца ў сэрцы.