І яшчэ адна сустрэча Прэзідэнта адбылася сёння. Кіраўнік дзяржавы з намеснікам Генеральнага сакратара ААН - выканаўчым дырэктарам ЮНЭЙДС Мішэлем Сідзібэ абмеркаваў пытанні барацьбы з ВІЧ/СНІД. Беларусь дабілася значных поспехаў і можа першай у свеце перамагчы эпідэмію небяспечнай інфекцыі.
Аб'яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІД заснаваная ў 1994 годзе. Гэта першы візіт на гэткім высокім узроўні ў гісторыі ўзаемадзеяння Беларусі з ЮНЭЙДС. Менавіта супрацоўніцтва з гэтай сусветнай арганізацыяй дапамагло айчыннай медыцыне дабіцца істотнага прагрэсу ў лячэнні і прафілактыцы смяротнага захворвання.
За ўкладанне ў развіццё аховы здароўя Беларусі Прэзідэнт сёння ўручыў Мішэлю Сідзібэ высокую дзяржаўную ўзнагароду - медаль Францыска Скарыны. Дзякуючы садзейнічанню ЮНЭЙДС наша краіна атрымала больш як 70 мільёнаў долараў для рэалізацыі серыі праектаў у сферы медыцыны. Сродкі пайшлі на закуп лекаў, абсталяванне лабараторый, а таксама стварэнне сістэмы прафілактыкі гэтага небяспечнага захворвання.
Мішэль Сідзібэ, намеснік Генеральнага сакратара ААН, выканаўчы дырэктар ЮНЭЙДС: "Значных поспехаў у барацьбе з ВІЧ/СНІД Беларусь дасягнула не толькі з падтрымкай ЮНЭЙДС, але і дзякуючы вашай лідарскай пазіцыі. Для мяне вялікі гонар асабіста атрымаць гэтую ўзнагароду ад вас - як ад Кіраўніка дзяржавы, якая ў ліку першых дабілася высокіх вынікаў у прадухіленні перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці да дзіцяці. Беларусь дэманструе, што новае пакаленне можа быць народжана без праблемы СНІД і ВІЧ. Мы вельмі доўга ішлі да гэтага і марылі аб гэтым".
Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, Беларусь можа стаць першай дзяржавай ва ўсім рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якая здолее дабіцца мэт ААН па паніжэнні новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі і скарачэнні смяротнасці ад СНІД да 2030 года. А на працягу найбліжэйшых трох гадоў наша краіна будзе ўваходзіць у склад кіруючага органа ЮНЭЙДС.
Мішэль Сідзібэ, намеснік Генеральнага сакратара ААН, выканаўчы дырэктар ЮНЭЙДС: "Развіццё вашай сістэмы аховы здароўя сапраўды ўражвае. Мы спадзяемся, што Беларусь стане першай у свеце краінай, якая зможа перамагчы эпідэмію ВІЧ. Мы з Прэзідэнтам таксама падрабязна абмеркавалі перспектывы ўзаемаадносін Беларусі і афрыканскіх краін. Беларускія адукацыйныя і медыцынскія тэхналогіі і ноў-хаў сапраўды могуць да лепшага змяніць жыццё ў Афрыцы".
З 2000 года ў нашай краіне папярэджана больш як 4 тысячы выпадкаў інфікавання і 2 тысячы смярцей ад чумы 20 стагоддзя. Захворванне сярод моладзі пры гэтым паніжана больш чым у два разы. Усяго ж у Беларусі жывуць з ВІЧ каля 17 000 чалавек.
Беларуская ахова здароўя - вачыма намесніка Генеральнага сакратара ААН, які пабываў больш чым у 150 краінах свету. За што аўтарытэтная глабальная арганізацыя ставіць у прыклад сістэму барацьбы з чумой 20 стагоддзя, укаранёную ў нашай краіне? І чаму чалавек са спісу пяцідзесяці самых уплывовых людзей планеты жадае, каб Беларусь дапамагла аздаравіць Афрыку? Інтэрв'ю з выканаўчым дырэктарам ЮНЭЙДС глядзіце ў гэтую нядзелю ў "Галоўным эфіры".













