Беларусь - Азербайджан. Лідары дзвюх краін вызначылі арыенціры на найбліжэйшую будучыню

12 апреля 2018

Парадак дня беларуска-азербайджанскіх адносін па тэлефоне сёння абмеркавалі прэзідэнты дзвюх краін

Аляксандр Лукашэнка ад свайго імя, сваёй сям'і і ўсяго беларускага народа цёпла павіншаваў Ільхама Аліева з упэўненай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах, што адбыліся, пажадаўшы далейшых поспехаў у працы на гэтай адказнай дзяржаўнай пасадзе. Беларускі лідар падкрэсліў, што падтрымка выбаршчыкаў з'яўляецца пераканаўчым сведчаннем паспяховасці палітычнага курсу на будаўніцтва моцнай і квітнеючай дзяржавы.

Нагадаем, выбары ў Азербайджане прайшлі напярэдадні, сёння Цэнтрвыбаркам аб’явіў папярэднія вынікі. Дзеючы кіраўнік дзяржавы набраў 86 % галасоў. Усяго барацьбу вялі 8 прэтэндэнтаў. Гэта ўжо чацвёрты тэрмін Ільхама Аліева на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе. Пасля змяненняў, унесеных у Канстытуцыю краіны па выніках вераснёвага рэферэндуму, прэзідэнт Азербайджана абраны на 7 гадоў. Міжнародныя назіральнікі, а іх было каля 800, адзначылі высокі ўзровень яўкі, у тым ліку ў рэгіёнах. Кіраўнік місіі ад СНД Сяргей Лебедзеў, у прыватнасці, канстатаваў адсутнасць сур'ёзных парушэнняў. Прадстаўнікі місіі ПАСЕ заявілі, што галасаванне адпавядае дэмакратычным прынцыпам.

Падчас тэлефоннай размовы кіраўнікі дзяржаў таксама абмеркавалі стан і перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама кантакты на міжнароднай арэне.

Беларуска-азербайджанскія адносіны вылучаюцца высокай ступенню даверу і ўзаемаразумення. Апошні час станоўчая дынаміка ў гандлёвым супрацоўніцтве і кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі важнасць далейшых сумесных намаганняў у гэтым кірунку. Ільхам Аліеў таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку ажыццявіць візіт у Азербайджан у любы зручны час.