Беларусь - Азербайджан: даўняе сяброўства народаў і сістэмнае паглыбленне супрацоўніцтва

19 ноября 2018

Беларусь настроена на сістэмнае і доўгачасовае эканамічнае супрацоўніцтва з Азербайджанам. Гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на перамовах з лідарам гэтай краіны Ільхамам Аліевым, які знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам. У краін няма закрытых тэм, прагучала на перамовах. Адносіны развіваюцца як у палітычнай, так і эканамічнай плоскасцях. І сёння дэталёва прапрацоўваюцца праекты, якія прынясуць дзвюм краінам узаемную выгаду. Падрабязнасці ў Вольгі Макей.

З аўтамабіля Ільхам Аліеў выходзіць з усмешкай на твары. Цёплыя абдымкі, у лідараў даўнія сяброўскія адносіны. Для прэзідэнта Азербайджана гэта ўжо пяты афіцыйны візіт у Беларусь. Да гэтага на перамовы ў Мінск прылятаў роўна тры гады таму. Але палітыкі бачацца часта, у тым ліку і на самітах. Нядаўна сустракаліся ў Таджыкістане ў фармаце СНД. Гэтым разам у цэнтры ўвагі - двухбаковы парадак дня. Вялікаму перагаворнаму дню папярэднічае прыгожая цырымонія сустрэчы ля Палаца Незалежнасці.

Мінск і Баку - стратэгічныя партнёры. Такі высокі статус - вынік чвэрцьвекавога супрацоўніцтва. За палітыкай імкнецца не адстаць і эканоміка.

Сёлета добры тэмп паказвае тавараабарот. Толькі са студзеня па верасень, параўнальна з 2017, рост больш чым утрая. Але гэта далёка не ўвесь патэнцыял. А бакі яго маюць намер рэалізаваць, бо, як скажа Аляксандр Лукашэнка, закрытых тэм няма.

Як правіла, у фармаце сам-насам прэзідэнты абмяркоўваюць пытанні не толькі двухбаковага, але і міжнароднага парадку дня. А вось ужо ў пашыраным складзе размова ў асноўным пра эканоміку. Агульныя інтарэсы можна зразумець па складзе ўдзельнікаў - да перамоў далучаюцца профільныя міністры: тыя, хто адказвае за прамысловасць, сельскую гаспадарку, транспарт, сувязь і іншыя кірункі.

З Ільхамам Аліевым у Мінск прыехала вялікая каманда. Працаваць пачалі напярэдадні. Учора, нягледзячы на выхадны, сустракалася міжурадавая камісія. Мабыць, лепшы прыклад кааперацыі - Гянджынскі аўтазавод.

За апошнія 11 гадоў на яго базе сумесна сабралі 10 тысяч трактароў і 3 з паловай тысячы грузавікоў. А зараз будуюць прадпрыемства па сумеснай зборцы трактароў у Турцыі. Вывучаюць магчымасць выпуску ў Азербайджане і аўтобусаў для аэрапорта, электратранспарту, збожжаўборачнай тэхнікі.

Дарэчы, на вытворчасці камбайнаў беларускі лідар спыніцца асобна.

Вынік перамоў - падпісаны пакет дакументаў, пагадненні і мемарандумы ў сельскай гаспадарцы, сацабароне, сувязі, у праваахоўнай сферы. А сумеснай заявай кіраўнікі дзяржаў прапісалі ўзаемнае жаданне нарошчваць высокі ўзровень адносін. Але больш важнае, чым любыя дакументы, - даўняе сяброўства паміж беларусамі і азербайджанцамі. Наш Прэзідэнт зробіць акцэнт: менавіта для дабрабыту народаў і працуюць палітыкі над развіццём супрацоўніцтва.

Тыя ж сумесныя прадпрыемствы вырашаюць не толькі пытанне недахопу тэхнікі, але і праблемы працаўладкавання.

Дарэчы, у тым ліку і азербайджанцы, якія жывуць у Беларусі, змогуць адправіць лісты на радзіму з маркай у гонар 25-годдзя ўсталявання дыпадносін паміж краінамі. З сённяшняга дня яна выпушчана ў абарачэнне. А на памяць пра гэту сустрэчу кіраўнікі дзяржаў абмяняліся падарункамі.