Аляксандр Лукашэнка запаліў святочную свечку ў храме Раства Хрыстовага ў Лагойскім раёне

28 апреля 2019

Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Уваскрэсенне Хрыстовае - Вялікдзень. Радасць гэтага светлага дня разам з вернікамі падзяліў і Кіраўнік дзяржавы. Якім бы насычаным ні быў графік, гэты святочны дзень Аляксандр Лукашэнка сустракае разам з суайчыннікамі. Прычым па шматгадовай традыцыі штораз у розных кутках краіны. У адрозненне ад калядных свят, Аляксандр Лукашэнка наведвае невялікія цэрквы і, як правіла, за межамі сталіцы. Усё ж Вялікдзень - свята, якое прынята сустракаць камерна, па-сямейнаму. Гэтым разам з малодшым сынам Мікалаем Прэзідэнт наведаў святочнае набажэнства ў храме Раства Хрыстовага ў Астрошыцах. Ён быў пабудаваны тры гады таму і можа змясціць усяго 50 вернікаў. Храм - маленькі, але вельмі ўтульны - стаў сапраўдным духоўным цэнтрам для мясцовых жыхароў. Пры храме дзейнічае і нядзельная школа. Яе выхаванцы сёння прывіталі Кіраўніка дзяржавы. Для Прэзідэнта падрыхтавалі кветкі і кошык з велікоднымі пачастункамі. Ва ўбранні храм нічым не саступае сталічнаму. Усё падкрэслівала святочную атмасферу: алтарную частку і абразы ўпрыгожваюць жывыя кветкі, гучаць духоўныя спевы і, вядома, трохразовае "Хрыстос уваскрос!" Разам з настаяцелем храма протаіерэем Аляксандрам Зімніцкім Аляксандр Лукашэнка запаліў святочную свечку ля абраза Уваскрэсення Хрыстовага. У гэты дзень прынята абменьвацца падарункамі. Кіраўнік дзяржавы перадаў храму ікону "Уваскрэсенне Гасподняе", яна напісаная па старажытнай візантыйскай тэхналогіі. Прэзідэнту ўручылі Іверскую ікону Прасвятой Багародзіцы - адну з найболей вядомых і ўшанаваных у праваслаўным свеце.

А яшчэ на велікодным тыдні прынята шчодра частаваць адно аднаго. Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з вернікамі, павіншаваў іх са святам і разам з сынам Мікалаем пачаставаў іх сваім фірмовым шакаладам "Прэзідэнт"!