Аляксандр Лукашэнка: Абарона інтарэсаў грамадзян - асаблівая тэма ў саюзным будаўніцтве

19 июня 2018

Абарона інтарэсаў грамадзян - асаблівая тэма ў саюзным будаўніцтве. Гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас пасяджэння Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.

Перамовы з удзелам лідараў Беларусі і Расіі ў гэтыя хвіліны праходзяць у Мінску. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: краіны летась пераадолелі працэс зніжэння ўзаемнага тавараабароту і выйшлі на яго рост. Зараз важна замацаваць станоўчую тэндэнцыю. У прыватнасці, за кошт ліквідацыі ўзаемных бар'ераў і выняццяў і стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя ў гандлі. Таксама Прэзідэнт закрануў тэму пагранічнага кантролю на беларуска-расійскай мяжы.

Незадоўга да гэтага лідары дзвюх краін правялі перамовы ў вузкім фармаце. Сустрэча доўжылася больш чым дзве з паловай гадзіны. Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў дэлегацыю гасцей і выказаў надзею на ўдалы для Расіі зыход матча з Егіптам. Сёння гэтыя зборныя гуляюць у рамках чэмпіянату свету па футболе.

На пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета акрэдытавана больш за сто журналістаў. І рэпарцёры ў прамым сэнсе палявалі на эксклюзіў – запыт нумар адзін, у тым ліку былі каментарыі наконт малочных спрэчак Беларусі і Расіі. У топе інфармагенцтваў па-ранейшаму загалоўкі на тэму чарговых абмежаванняў Рассельгаснаглядам паставак нашай малочнай прадукцыі. Здымачнай групе Агенцтва тэленавін гэтую сітуацыю пракаменціраваў Міністр сельскай гаспадаркі Расіі Дзмітрый Патрушаў.

Дзмітрый Патрушаў, Міністр сельскай гаспадаркі Расіі: "Мы працуем над тым, каб такіх спрэчак было як мага менш. На сённяшні дзень перамовы вядуцца, падпісана дарожная карта, мы гэтай дарожнай карты прытрымліваемся. Спадзяюся, што ў недалёкай будучыні мы зможам гэтыя праблемы вырашыць. На сённяшні дзень шэраг прадпрыемстваў ужо адкрыты, спадзяюся, што гэтая работа будзе прадоўжана".

У гэтыя хвіліны ўдзельнікі Вышэйшага Дзяржсавета працягваюць абмяркоўваць папрадак дня пасяджэння. У ім каля дзясятка пунктаў. У прыватнасці, размова аб праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, развіцці двухбаковых адносін, рэалізацыі сумесных праектаў і аб узаемадзеянні ў рамках розных інтэграцый.