Аляксандр Лукашэнка выступіў на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку

14 июня 2019

Беларусь падтрымлівае ідэі стварэння Адзінай еўразійскай эканамічнай прасторы, але звяртае ўвагу планеты на наяўнасць крызісу ў глабальнай бяспецы. Аляксандр Лукашэнка сёння выступіў на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку. Прэзідэнт адкрыта гаварыў аб праблемах сучаснага свету. І прынцыпова выказаўся аб неабходнасці наладжвання вялікага дыялогу па бяспецы. Са свайго боку Беларусь ужо выступіла з ініцыятывай новага хельсінскага працэсу. Кіраўнік дзяржавы заклікаў лідараў і буйныя міжнародныя структуры да абмеркавання пытанняў забеспячэння стабільнасці.

Прагматычная эканоміка і рэальныя праекты развіцця - менавіта ў гэтым ключы сёння праходзяць двухбаковыя сустрэчы на вышэйшым узроўні на палях маштабнага саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку. З бацькам-заснавальнікам шанхайскай ініцыятывы ў Еўразіі, як называюць старшыню Сі Цзіньпіна, Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў ліпеньскі міжнародны форум на базе індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Прэзідэнт Беларусі папрасіў свайго сябра і калегу забяспечыць максімальна высокі ўзровень прадстаўніцтва з кітайскага боку, прычым як ад бізнесу, так і ад урада Паднябеснай. Такі поўнафарматны ўдзел традыцыйна працуе на эканоміку, прывабліваючы новых рэзідэнтаў парка, і на імідж сумеснай жамчужыны новага Шаўковага шляху. Яшчэ адной тэмай перамоў сталі маштабныя інвестыцыйныя праекты з удзелам кітайскага капіталу на тэрыторыі Беларусі. У прыватнасці, размова ішла пра найхутчэйшы ўвод у строй двух заводаў па вытворчасці кардону і беленай цэлюлозы ў Добрушы і Светлагорску. Іх запуск забяспечыць штогадовы прырост экспарту на дзясяткі мільёнаў долараў і пацвердзіць высокую рэпутацыю кітайскіх інвестараў у Еўропе. Па выніках сустрэчы лідары як добрыя сябры абмяняліся сімвалічнымі падарункамі.

Журавель або бусел у дзвюх культурах чытаецца амаль аднолькава: як пажаданне мудрасці і даўгалецця, а таксама міру і гармоніі. Як дапаўненне да вобраза жураўля - захавальніка хатняга ачага кошык з прадуктамі дамашняй вытворчасці. Падарунак у адказ - раскошная ваза ў традыцыйным кітайскім стылі. Гэта сімвал стабільнасці і поспеху.

А гэта першыя кадры з сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з прэм'ер-міністрам Пакістана Імранам Ханам. Пажаданне перамогі пры сустрэчы ўдвая сімвалічнае. У нядзелю вырашальны матч на чэмпіянаце свету па крыкеце, а кіраўнік пакістанскага ўрада ў мінулым прафесійны гулец і нацыянальная зорка ў гэтым відзе спорту. Зрэшты, падчас сустрэчы размова закранула не столькі спорт, колькі эканоміку, інавацыі, экспарт тэхналогій пад ключ і сумесныя праекты.

Адносіны Беларусі і Пакістана стаяць на магутным падмурку яшчэ савецкіх інтэграцыйных ланцужкоў. Новую якасць і дынаміку яны набылі пасля абмену візітамі на вышэйшым і высокім узроўні ўжо ў найноўшай гісторыі. Некаторае запаволенне звязана са складаным палітычным перыядам для афіцыйнага Ісламабада. Аднак, як запэўніў прэм'ер-міністр, ён ужо ў мінулым, Пакістан гатовы да маштабнай перазагрузкі адносін. Вялікі палітычны і эканамічны марафон у фармаце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і беларускі погляд на сусветную палітру адносін і бяспекі - новыя сустрэчы, заявы і пагадненні на вышэйшым узроўні з Бішкека ў нашых наступных выпусках.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя