Аляксандр Лукашэнка выступiў на Еўрапейскай канферэнцыі СААЗ

22 октября 2015

Беларусь цалкам падтрымлівае ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і прыкладае максімум высілкаў для іх рэалізацыі. Гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, калі выступаў на Еўрапейскай канферэнцыі СААЗ. Мэта форуму - рэалізаваць новую палітыку "Здароўе-2020". Гэта маштабны план дзеянняў, які ў тым ліку накіраваны на папярэджанне і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, перад еўрапейскімі краінамі сёння стаяць адны і тыя ж праблемы. Гэта старэнне насельніцтва, паніжэнне нараджальнасці, пагаршэнне навакольнага асяроддзя, тэхнагенныя катастрофы, тэрарызм і лакальныя войны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з захворваннямі трэба змагацца разам, выпрацоўваць агульныя падыходы да рашэння актуальных пытанняў аховы здароўя. І тут важныя эфектыўныя рашэнні і навуковыя даследаванні, якія даюць дадатныя вынікі ў павелічэнні працягласці і якасці жыцця чалавека.

Пра тое, што ў Беларусі на першым месцы стаіць ахова здароўя маці і дзіцяці, Прэзідэнт гаварыў з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ. Сёлета ў Беларусі не зарэгістравана ні аднаго выпадку матчынай смяротнасці. Па гэтых паказчыках наша краіна займае трэцяе месца ў свеце. Яшчэ адно дасягненне нашай краіны - поўная мадэрнізацыя аховы здароўя. Асаблівая ўвага надавалася кардыялогіі і анкалогіі. Прэзідэнт лічыць, што выніковы дакумент цяперашняй канферэнцыі - Мінская дэкларацыя - стане важным інструментам у рэалізацыі еўрапейскай палітыкі "Здароўе-2020". У сваю чаргу, дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ адзначыла высокі ўзровень беларускай аховы здароўя.