Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб прэзідэнцкіх паўнамоцтвах, парламенце і датэрміновых выбарах

9 сентября 2020
Прэзідэнцкія паўнамоцтвы, парламент і датэрміновыя выбары, а таксама правакацыі, несанкцыянаваныя мітынгі і часам жорсткія дзеянні праваахоўнікаў падчас затрыманняў. Вялікае інтэрв'ю прадстаўнікам расійскіх СМІ даў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка. Гаварылі і наконт новай канстытуцыі. У найбліжэйшы час з'явяцца прапановы па рэформе дакумента з улікам сённяшніх рэалій.


Прэзідэнт выказаўся аб новай канстытуцыі


Аляксандр Лукашэнка распавёў, што яму ўжо прадставілі два варыянты абноўленага галоўнага закону. Аднак, на яго думку, там былі недастаткова глыбокія змяненні. Зараз група спецыялістаў працуе над трэцім. У ім - лічыць беларускі лідар - неабходна пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж органамі ўлады, але пакінуць моцную ролю прэзідэнта. Што датычыцца парламента, перш чым уводзіць партыйную або партыйна-мажарытарную сістэму важна стварыць сапраўдныя партыі. Аляксандр Лукашэнка не адмаўляе і магчымасць датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, але пасля прыняцця новай канстытуцыі. А вось што датычыцца дыялогу, абмяркоўваць рэформу грамадска-палітычнага жыцця публічна прэзідэнт гатовы. І гэтую гутарку трэба пачынаць знізу. 


А. Лукашэнка: Класічных прычын, якія б маглі прывесці да рэвалюцыі, няма


Выказаў здагадкі кіраўнік дзяржавы і наконт магчымых прычын пратэстаў у нашай краіне. Так, на думку беларускага лідара, унутраныя перадумовы для пратэстаў ёсць, але іх мала, у асноўным прычыны асабістыя. Выйшлі людзі, незадаволеныя яго вялікім прэзідэнцкім тэрмінам. Класічных аргументаў, якія маглі б прывесці да рэвалюцыі, няма. Эканоміка працуе. Нягледзячы на знешнія выклікі і пандэмію, ВУП захавалі практычна на ўзроўні мінулага года. Рэальныя даходы насельніцтва за паўгода выраслі амаль на 5,5%. Цікавіліся журналісты і лёсам прадпрыемстваў, якія раней заяўлялі, што далучацца да пратэстаў. Аляксандр Лукашэнка засведчыў: ніводны завод не спыняў цалкам працу нават падчас забастовак. 

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб негатыўным уплыве Telegram-каналаў, пакуль яшчэ няма спосабаў, каб эфектыўна супрацьстаяць гэтаму ўздзеянню. Поўная версія вялікага інтэрв'ю ўжо выйшла ў эфір у нашых калегаў. Тэлеверсію мы пакажам сёння адразу пасля "Панарамы".