Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі

6 ноября 2015

Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў Палацы Незалежнасці. У прысутнасці шматлікіх гасцей  -  палітыкаў, замежных дыпламатаў, лідараў грамадскіх аб'яднанняў, духавенства і ветэранаў  (усяго больш за тысячу гасцей) - зноў абраны Прэзідэнт прынёс прысягу на Канстытуцыі і падпісаў адпаведны акт. Затым Старшыня Цэнтрвыбаркама  Лідзія Ярмошына  ўручыла Прэзідэнту  пасведчанне. Пасля Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прысутных і ўсіх беларусаў з кароткай прамовай.

Далей цырымонія перамясцілася на плошчу Дзяржаўнага флага. Там як  Галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка прыняў клятву вернасці вайскоўцаў беларускаму народу і Прэзідэнту. 

Акрамя таго, з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта ў Палацы Рэспублікі сёння адбудзецца святочны канцэрт "Разам у новы дзень". На галоўнай сцэне краіны выступяць дарослыя і дзеці, таленавітыя самародкі з глыбінкі і вядомыя беларускія артысты. Тэлеверсію цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  Аляксандра Лукашэнкі і святочны канцэрт "Разам у новы дзень" у 21:00 пакажуць усе каналы Белтэлерадыёкампаніі: "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 4",  спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24" і "НТБ-Беларусь", а таксама  іншыя нацыянальныя тэлеканалы краіны. У сувязі з гэтым "Панарама" выйдзе ў эфір у 20:30.