І яшчэ адзін пункт у рабочым графіку Прэзідэнта - сустрэча са спікерам парламента Сербіі Маяй Гойкавіч. Сербія - важны партнёр нашай краіны на Балканах. У гандлёвым аспекце беларуска-сербскіх адносін вызначылася станоўчая дынаміка. Аднак сумесны патэнцыял дазваляе больш актыўна нарошчваць эканамічныя паказчыкі і паглыбляць двухбаковае партнёрства, адзначылі на сустрэчы. У планах давесці тавараабарот да паўмільярда долараў. Гэта цалкам рэальна, тым больш што паміж краінамі дзейнічае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю. Зрэшты, гістарычны беларуска-сербскі дыялог грунтуецца не толькі на палітычным фундаменце, але і на моцных дружалюбных сувязях, якія рэгулярна падмацоўваюцца візітамі на вышэйшым узроўні. Пра што яшчэ гаварылі ў Палацы Незалежнасці - дэталі ў Ілоны Красуцкай.
Кіраўнік беларускай дзяржавы чатыры разы наведваў Сербію. Роўна год таму (падчас апошняга візіту) лідары абедзвюх краін падпісалі сумесную заяву. Дамовіліся павялічваць аб'ёмы тавараабароту, пашыраць супрацоўніцтва ў машынабудаванні, АПК, транспартнай і энергетычнай сферах. Агучылі і прыярытэт беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Ім стала вытворчая кааперацыя.
Тэма двухбаковых адносін атрымала развіццё сёння на сустрэчы Прэзідэнта з лідарам сербскага парламента. Мая Гойкавіч па адукацыі юрыст. Палітыкай занялася ў пачатку 90-х. У яе біяграфіі ёсць і адзнака: мэр горада Нові-Сад. Летась стала трэцяй жанчынай-старшынёй у гісторыі сербскага парламентарызму. На сустрэчы з беларускім Прэзідэнтам гутарка пачалася з эканомікі. Узаемны гандаль летась атрымаў добрую прыбаўку.
Тавараабарот вырас амаль на траціну да ўзроўню 2013-га. Склаў крыху больш за 245 мільёнаў долараў. А ў знешнім экспарце Беларусі Сербія перамясцілася з 45-й на 25-ю пазіцыю. Але гэта не мяжа, упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Мая Гойкавіч, старшыня Народнай скупшчыны Сербіі: "Гэту сустрэчу можна назваць гістарычнай, паколькі гэта першы афіцыйны візіт кіраўніка сербскага парламента. А Ваш апошні візіт у Сербію адкрыў новую эпоху ў беларуска-сербскіх адносінах. Рада, што парламенты дзвюх краін могуць ісці па гэтым шляху і зрабіць свой ўнёсак у развіццё двухбаковых сувязяў".
Сёння Кіраўніку беларускай дзяржавы і лідару сербскага парламента не давялося лішні раз акцэнтаваць увагу на пошуку новых ніш узаемадзеяння. Справа ў тым, што ў лютым гэтага года краіны падпісалі дарожную карту. У дакуменце дакладна вызначаны прыярытэтныя сферы супрацоўніцтва, якія ў выніку павінны прывесці да тавараабароту ў паўмільярда долараў.
Зрэшты, бакі імкліва набліжаюцца да запланаванай лічбы. І спрыяюць гэтаму не толькі пастаянныя кантакты на вышэйшым узроўні, але і падпісанае ў 2009 годзе пагадненне аб зоне свабоднага гандлю.
У студзені - красавіку гэтага года ўзаемны тавараабарот узляцеў на 82% - перавысіў 100 мільёнаў долараў.
Мы пастаўляем у Сербію нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, трактары, халадзільнікі, пральныя машыны. У апошнія гады краінам сапраўды ўдалося рэалізаваць маштабныя двухбаковыя праекты, у першую чаргу, у вытворчай кааперацыі. У Сербіі арганізавана зборка трактароў МТЗ, аўтобусаў і грузавой тэхнікі брэнда МАЗ. Наглядны факт: каля 70% трактароў, якія прадаюцца ў Сербіі, (а гэта прыкладна тысяча адзінак за год) - беларускія.
А адзін са сталічных дэвелопераў, якія будуюць для горада такія знакавыя аб'екты як "Мінск-Сіці" і "Мінск-Мір", мае сербскія карані. Зрэшты, жыхарам Бялграда больш не прыйдзецца прасіць знаёмых прывезці з Мінска беларускія прысмакі. Пробная партыя шакаладнага брэнда "Камунарка" неўзабаве трапіць на прылаўкі сербскіх магазінаў.
Двухбаковы міжпарламенцкі дыялог атрымаў другое дыханне ў 2012 годзе. Праз год у сербскім парламенце фарміруецца група сяброўства з Беларуссю. У новым складзе 57 дэпутатаў. Аб узмацненні ўзаемадзеяння не толькі на міжнароднай арэне, але і двухбаковым трэку сёння гаварылі і ў беларускім парламенце. На сустрэчы са сваім калегам спікер Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што беларуска-сербскія адносіны развіваюцца выключна на аснове сяброўства і ўзаемнай павагі. Акрамя таго Сербія для Беларусі - найважнейшы партнёр на Балканах.
Кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч сёння прапанаваў краінам узмацняць кантакты паміж прамысловымі прадпрыемствамі. Сербія не толькі надзейны партнёр Беларусі, але і свайго роду мост паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і ЕС.
Але будаўніцтва эканамічнае немагчыма без памяці і ўдзячнасці за мірную гісторыю. Боль страты, які прынесла Другая сусветная вайна, як нікому іншаму вядомы і Сербіі. У памяць пра сотняў тысяч загубленых жыццяў да манумента Перамогі ад сербскай дэлегацыі леглі кветкі.
Больш за 20 гадоў дыпламатычных адносін. Адсутнасць рознагалоссяў у палітычнай плоскасці і двухбаковым узаемадзеянні. Прэзідэнты Беларусі і Сербіі не раз падкрэслівалі: адносіны заснаваны на адкрытым і даверным дыялогу. А рэгулярныя візіты на вышэйшым узроўні надаюць дадатковы імпульс гандлёва-эканамічным сувязям. Сёння афіцыйны Мінск чарговы раз пацвердзіў курс беларуска-сербскіх адносін: традыцыйна дружалюбныя, яны будуць умацоўвацца і далей.













